За падзеямі штодзённага жыцьця мы неяк згубілі Арыяднавую нітку самага галоўнага, што можна было б назваць сапраўднай сэнсацыяй нашай эпохі. Радыё Свабода ўважліва сочыць і апэратыўна паведамляе пра ваяжы па ўсяе Беларусі такога А. Лебедко (ён жа – Лябедзька). Апошняе паведамленьне з сэрыі было драматычным. Нейкія жанчыны патэлефанавалі Лебедьку, каб ён ня ехаў у Салігорск, бо мясцовае начальства зьбіраецца “усіх вытурыць на вуліцу, калі будзе Лебедько”. Ён паклаў слухаўку і вырашыў у Салігорск ня ехаць. Справа ў тым, што тав. Лебедько выдае сэрыю выступаў на правінцыі, у якіх выкладае сваю “антыкарупцыйную платформу”.
Нагадаем, што тав. Лебедько – прафэсійны камсамольскі “важак”, быў на адпаведнай стаўцы да фронтаўскай рэвалюцыі 1988 года. Потым “родіна” паслала нашага героя ў Вярхоўны Савет, дзе ён уславіўся абаронай камсамола і камсамольскіх грашовых фондаў. Потым “родіна” паслала яго ў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзыдэнты гр. А. Лукашэнкі (1994 г.), а пасьля прывядзеньня да ўлады згаданага грамадзяніна тав. Лебедько быў прызначаны “прадстаўніком прэзыдэнта ў парляманце”. Ніхто не сумняваецца, што ўсё гэта наш герой выконваў не пакладаючы рук і зусім бясплатна. “Непадкупнасьць” прывяла яго ў апазыцыю разам з шэрагам іншых мацёрых лукашыстаў, якіх гаспадар высьпеткамі пагнаў прэч. І вось ужо шэраг гадоў тав. Лебедько “горіт на работе” у якасьці генсека АГП, партыі, вядомай сваім прадажніцтвам і халуйствам перад Масквой, а таксама больш хітрамудрым падыгрываньнем прамаскоўскаму рэжыму былога гаспадара. Хто ж яшчэ, як ні гэтыя партыйцы і іхны генсек здолелі б распрацаваць эфэктную “антыкарупцыйную платформу”!
Такое ўжо бывала ў гісторыі. На схіле гадоў вядомы Талейран, які прадаў і перапрадаў усіх сваіх гаспадароў па некалькі разоў, прачытаў у Парыжы публічную лекцыю пад тытулам “Аб маральнасьці ў дыпляматыі”. А знакамітая рэнэсансавая элітная інтэрдзевачка Лукрэцыя Борджыя выдаткавала нямала сродкаў на ўслаўленьне ўласнай цнатлівасьці і набожнасьці…
Зрэшты пасьля падзеньня антыбеларускага рэжыму працэс люстрацыі аголіць усе “платформы”.
Сяргей Камароўскі