Руская псіхалогія

10 февраля 2015 г.

Навіны

У студзені адбываўся Сусьветны эканамічны форум ў Давосе. І вось там віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў разгаварыўся пра рускую душу. Цытуем:

“Калі рускі адчувае любы ціск звонку, ён ніколі не аддасьць свайго лідэра. Ніколі. І любыя нястачы, якія будуць унутры краіны, — менш спажываць прадуктаў, менш электрычнасьці, я ня ведаю, яшчэ нейкія рэчы, да якіх мы ўсе прызвычаяліся. Але калі мы будзе адчуваць, што камусьці звонку хочацца памяняць нашага лідэра і гэта не нашая воля, што гэта ўплыў на нашую волю, мы будзем проста адзіныя, як ніколі”.

“Чаму ў Пуціна такі высокі рэйтынг? Таму што людзі ўспрымаюць санкцыі як “ага, хочуць пакрыўдзіць не Пуціна, нас хочуць пакрыўдзіць. І мы, зразумела, павінны вакол лідэра аб’яднацца. У нас свая мэнтальнасьць. Проста тыя, хто ня ведае расейскай гісторыі, ня вельмі гэта разумеюць”. (Канец цытаваньня).

Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/Pervyy-vice-premer-RF-SHuvalov-Rossiyane-budut-menshe-potreblyat-produktov-ne-pozvolyat-svergnut-Putina-62721.html

З рускімі, аднак, усё зразумела. Але прычым тут казанскія татары, эвэнкі, бураты, дагестанцы, якуты, комі і г.д.?

Ёсьць яшчэ адзін аспэкт тэмы. За фанфаронскім халуйствам выказваньняў Шувалава праглядаецца пытаньне “канцэнтрацыі адказнасьці”. Усе навыперадкі па ўсяе Расеі паўтараюць “Пуцін, Пуцін, наш Пуцін, курс Пуціна” і г.д. Такім чынам адказнасьць за перамогі, няўдачы, курс, правалы, недахоп ежы і электрычнасьці неяк сама сабой перакладаецца на адну фігуру, на крамлёўскага гнома-Атланта. А ён гэтага цяжару можа і ня вытрымаць. Так у любы момант могуць вырашыць тыя, хто на самой справе трымае названы курс разам зь ім. Хітра прыдумалі таварышы па барацьбе…

Сяргей Камароўскі