ПАМЯЦІ АНАТОЛЯ ГРЫЦКЕВІЧА

21 января 2015 г.

Навіны

Вельмі цяжка ўсьведамляць страту, калі адыходзяць вялікія людзі. Доктар навук, прафэсар, фронтавец Анатоль Грыцкевіч быў вялікім чалавекам, бо адпавядаў усім крытэрам вялікага Беларуса: грамадзка-нацыянальная пазыцыя адраджэнца, талент дасьледчыка, рознабаковая адукацыя, глыбокія веды, навуковыя здабыткі і грамадзка-палітычная дзейнасьць на карысьць Беларусі і беларускага народа.

Раздумляючы над жыцьцём і канчынай доктара Грыцкевіча, усьведамляеш, што краіна перажывае час, калі зыходзіць і пакідае гэты сьвет моцнае пакаленьне беларусаў, якое засьведчыла сябе ў 60-х і потым у неверагодна цяжкіх умовах брэжнеўшчыны і машэраўшчыны, калі нішчылася ўсё беларускае, — у неверагодна цяжкіх умовах яно ўздымала Беларусь, літаратуру, навуку і праўду, кавала і рыхтавала будучую Незалежнасьць Айчыны.

Яны ўсе з 60-х — Быкаў, Барадулін, Конан, Бураўкін, Чарняўскі, Грыцкевіч, дзясяткі паплечнікаў і моцных людзей. Яны — наша высокая гісторыя і культура. Шкода. Шкода расставаца ў страчаным часе. Але думаю, што іхняе добрае жыцьцё, творчасьць і праца спрычыняцца да таго, што зноў народзіцца моцнае пакаленьне моцных беларусаў, падхопіць і панясе наперад сьвяты Беларускі Сьцяг.

У часы “абэцэдаршчыны” і савецкай дубаломнай навукі Грыцкевіч як гісторык здолеў (што ня кожнаму ўдавалася) годна і грунтоўна адстойваць праўду беларускай гісторыі, выдаваць кнігі і нідзе не славасловіць рэжым, які патрабаваў і прагнуў словаблудзтва. Навуковая грунтоўнасьць і праўда была перавагай доктара Грыцкевіча і зброяй змаганьня, бо пры саветах за навуку йшла барацьба.

Калі ўтварыўся Беларускі Народны Фронт, доктар Грыцкевіч быў у Фронце і потым у Партыі Фронта (КХП — БНФ) ад пачатку і да апошняга дня. Ён быў грамадзянінам сваёй краіны, надзейным чалавекам, з моцным ідэёвым грунтам і выразнай пазыцыяй. І нідзе пад варожым ціскам — ні ў навуцы, ні ў палітыцы — не дапускаў фальшывых нот. Якія б ні былі пэрэпетыі змаганьня і перамены сіл, я заўсёды ведаў дзе будзе Грыцкевіч і што мы станем рабіць. Вельмі добра быць, змагацца і працаваць разам з такімі людзьмі. Род ягоны шляхетны цягнецца з 1514-га з-пад самой пераможнай Воршы. І мы тут таксама выйгралі нашу гістарычную бітву пад Воршай. І хоць вайна працягваецца, нішто ня зьнішчыць нашай перамогі.

Гістарычны, навуковы і грамадзкі здабытак доктара Грыцкевіча будзе з удзячнасьцю помны ўсімі добрымі людзьмі Беларусі.

Спачуваньні родным і блізкім. Вечная памяць ягонай душы, дзеям і справам.

20 студзеня 2015 г. Зянон Пазьняк