ГРЫЦКЕВІЧ Анатоль Пятровіч (1929 – 20.01.2015)

20 января 2015 г.

Навіны

Памёр Анатоль Грыцкевіч, выдатны беларускі гісторык, вялікі патрыёт Бацькаўшчыны, адзін з патрыярхаў нацыянальнага Беларускага Адраджэньня. Ён меў навуковыя званьні і тытулы – доктар гістарычных навук, прафэсар, меў міжнародны навуковы аўтарытэт. Беларусам, якія любяць родную гісторыю, Анатоль Грыцкевіч вядомы як гісторык Праўды. Зь яго кніг, артыкулаў, лекцый і публічных выступаў мы даведваліся пра сапраўдную мінуўшчыну нашай Радзімы, пра сапраўдных яе герояў, мы вучыліся патрыятызму. Навуковая творчасьць Анатоля Грыцкевіча – гэта ахвярнае служэньне навуцы і народу. За якую б тэму ён ні браўся, вынікам дасьледваньня і выкладаньня быў хвалюючы расповед пра змаганьне, драмы і перамогі беларусаў, пра лідэраў і шэраговых змагароў. Карціны мінуўшчыны ажывалі дзякуючы ягонаму таленту і натхнялі нас на творчую дзейнасьць і барацьбу.

Але Анатоль Грыцкевіч ня быў кабінэтным навукоўцам. Ідэалы Праўды ён сьцьвярджаў ня толькі ў сваіх навуковых працах, але й самым сваім жыцьцём, служэньнем народу. З першага дня народнага рушаньня, у 1988 годзе, ён падтрымаў сваім аўтарытэтам Беларускі Народны Фронт і далучыўся да фронтаўскага змаганьня за незалежнасьць Беларусі. У цяжкія часы Анатоль Грыцкевіч не вагаўся, але адразу заявіў: “Хачу быць сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ”. Мы заўсёды адчувалі падтрымку, інтэлектуальную моц гэтага выдатнага чалавека, які ніколі не саступаў інтарэсам кан’юнктуры ў жыцьці і навуковай дзейнасьці. Наступныя пакаленьні беларусаў будуць вывучаць родную гісторыю па ягоных творах і вучыцца любіць Бацькаўшчыну на прыкладзе ягонага жыцьця.

Мы выказваем шчырыя спачуваньні сям’і і блізкім нябожчыка. Вечная памяць вялікаму беларусу.

Сябры і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

20 студзеня 2015 г.