ШАНУЙМА МОВУ, КРАІНУ І СЯБЕ

20 января 2015 г.

Навіны

З першага студзеня 2015 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць правілы Эўра-Азіяцкага саюзу, незаконна падпісанага нелегітымным правіцелем Лукашэнкам. Для беларусаў чакаецца пагаршэньне па ўсіх пазыцыях, спад рубля, дэвальвацыя, згортваньне гандлю.

Галоўная задача гэтай новай “эўраазіятчыны” для Масквы — пашырыць імпэрыю за кошт Беларусі, за кошт нашай тэрыторыі. Асноўны палітычны мэтад — пашырэньне зоны рускага “языка” і ліквідацыя беларускай мовы. Такім чынам, паводле маскоўскай стратэгіі, ствараецца прычына для прэтэнзіяў на краіну і на акупацыю нашай зямлі.

Маскоўцы ды іхняя агентура ў Беларусі, абапіраючыся на правілы эўразійскага саюзу, будуць патрабаваць, каб маркіроўка, назва і тэксты ўсіх беларускіх тавараў былі напісаныя па-руску. Ня слухайце іх і не рабеце так, як яны хочуць. Іхныя прэтэнзіі супярэчаць Беларускай Канстытуцыі. Акрамя таго ў тых правілах запісана, што адначасна з рускім языком можа ўжывацца беларуская мова. Пішыце ўсё па-беларуску (а побач унізе можна напісаць па-руску).

Незабывайма пра сябе і пра нашу мову. Гэта мова ўсіх нас, беларусаў. Гэта нашая мова, нават калі хто з-за пэўных прычынаў на ёй не гаворыць. Ў ёй грунт нашага нацыянальнага існаваньня. Не паддавайцеся маскоўскаму хамству і нахабству на нашай роднай зямлі. Слава Айчыне!

Ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць” 11 студзеня 2015 г.