Чакаецца крах імпэрскага дэпартаманту пад абрэвіятурай РПЦ

20 января 2015 г.

Навіны

“Зязюля, зязюля, колькі гадоў..?” Вядомае рытарычнае пытаньне пасярод лесу нечакана атрымала актуальнасьць пасярод нашага сталічнага жыцьця. Мясцовы прадстаўнік маскоўскай структуры РПЦ выказаў быў пэўны час таму меркаваньні пра неабходнасьць пашырэньня самакіраваньня “Белорусской Православной Церковью”. Сказаў быў, а цяпер вось напалохаўся (хутчэй за ўсё напалохаліся ў Маскве). Днямі згаданы прадстаўнік РПЦ у РБ заявіў, што “гэтае пытаньне здымаецца з парадку дня на бліжэйшыя 25-50 гадоў”. Пасыпаліся камэнтары вядомых камэнтатараў (кшталту імпартаванага з Расеі Ул. Мацкевіча) аб тым, што “у будучыні нічога ня зьменіцца”. (http://www.svaboda.org/content/article/26801610.html)

Нешта ніхто з “камэнтатараў” не згадаў анісловам, што на тэрыторыі Беларусі няма такой зьявы, як “Белорусская Православная Церковь”. Ёсьць аддзел імпэрскага дэпартаманту Масквы пад абрэвіятурай РПЦ. Гэта па-першае.

Па-другое, не маскоўскім гастралёрам займацца футуралогіяй на беларускую тэму. Няхай азірнуцца на сваю Расею, дзе набіраюць хуткасьць працэсы распаду ва ўсіх сэктарах грамадзкага жыцьця. Набліжаецца крах Імпэрыі Зла, а разам зь ім адбудзецца крах імпэрскага дэпартаманту пад абрэвіятурай РПЦ. Праваслаўныя ў вызваленых краінах (у тым ліку ў Беларусі) адновяць і разбудуюць сапраўды свае Праваслаўныя Цэрквы – нацыянальныя, аўтакэфальныя і незалежныя ад Масквы. Гэтыя працэсы ўжо даюць свой плён ва Украіне. Маскоўская арыфмэтыка народам ня ўказ.

Сымон Рудзік