- Студзеньскі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”*
11 студзеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту – “Новыя ўмовы – новыя вызваньні”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, нам. старшыні Партыі і Фронту. Выступоўцы адзначылі, што назіраюцца палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія нагадваюць 1991 год. Вядома, да чаго прывялі тады гэтыя працэсы – да першай стадыі развалу расейскай імпэрыі.
Назіраньні сапраўдных аналітыкаў сьведчаць аб тым, што зараз разгортваецца другі і апошні этап таго ж развалу. Калі ў 1991 годзе беларускім патрыётам-фронтаўцам удалося забясьпечыць утварэньне нашай нацыянальнай дзяржавы, то цяперашні этап павінен прывесьці да канчатковага афармленьня Беларусі як дэмакратычнай, сувэрэннай, нацыянальнай, эўрапейскай дзяржавы і назаўжды вывесьці нашую радзіму зь небясьпечнай сфэры згаданай імпэрыі.
Нават многія з рэжымнай намэнклатуры РБ зразумелі глыбіню і неабарачальнасьць гэтых працэсаў і шукаюць цяпер забесьпячэньня сваёй будучыні ў дэмакратычнай Беларусі. Яны маюць значна большую інфармацыю (чым у цэлым беларускае грамадзтва) аб тым, які крымінальны хаос творыцца ў Расеі. Беларускія патрыёты прапануюць такім службовым асобам ужо зараз рабіць выбар на карысьць нашай Бацькаўшчыны, нашых нацыянальных інтарэсаў і ўжо зараз пачынаць працаваць дзеля Беларусі, дзеля недапушчэньня маскоўскага захопу нашай краіны.
Імпэрскі захоп азначаў бы вялікую бяду для ўсіх беларусаў незалежна ад сацыяльнага і маёмаснага статуса. Сярод іншага маскоўскія акупанты дэманструюць гэта на акупаванай тэрыторыі Украіны, дзе абсалютна ніхто ня мае гарантый захаваньня маёмасьці і нават жыцьця ад акупанцкай усёдазволенасьці і гвалту. Ратавацца трэба разам, усім народам. Але ня верыць спрэпараванай у Маскве хлусьні аб тым, што мясцовы прамаскоўскі рэжым зьяўляецца “гарантам сувэрэнітэту Беларусі”. Асветніцтва, ідэі нацыянальнага адраджэньня, беларускай мовы і культуры, нашай эўрапейскай цывілізацыі – вось што (а не фальшывая фігура прадажнага правіцеля) павінна аб’ядноўваць нас у супраціве захопнікам і ў стваральнай дзейнасьці па нармалізацыі нашага нацыянальна-дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага жыцьця.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што тысячы беларусаў вяртаюцца з Расеі, дзе яны працавалі ў спадзяваньні зарабіць грошай на свае сем’і. Гэтыя людзі расказваюць пра эканамічны развал у Расеі, пра падзеньне рубля і сваё нежаданьне вяртацца ў Расею. Кажуць таксама, што бальшыня з сотняў тысячаў работнікаў-украінцаў ужо выехалі з Расеі – яны вяртаюцца на радзіму, якую трэба абараніць ад ворага і дзе яны бачаць сваю будучыню. Людзі кажуць, што менавіта гвалтоўная каланіяльная залежнасьць ад Расеі, прывязка да гэтай адсталай краіны ёсьць прычынай разгортваньня разбуральнага крызісу ў беларускай эканоміцы.
Людзі разумеюць, што трэба вырвацца з імпэрыі, выкарыстаць гістарычны шанс, які дае нам жыцьцё. Сябры распавялі таксама пра працяг разбуральнай антыбеларускай дзейнасьці рэжыму. Па ўсяе Беларусі пашыраецца працэс ліквідацыі бібліятэк у раённых гарадах і мястэчках. Нават у сталіцы і абласных гарадах улады загадваюць пускаць пад нож беларускія кніжныя выданьні (нават 2012 года публікацыі). Імпэрскі зьвер здыхае, але працягвае зьнішчаць беларускую культуру і роднае слова. Але няма будучыні ў імпэрыі гэбізма. Ужо зараз трэба праводзіць мабілізацыю нашага грамадзтва на абарону нашай культуры, тэрыторыі і нашых нацыянальных багацьцяў. Многія людзі ў розных кутках Беларусі вераць, што народная перамога набліжаецца.
Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 11 студзеня 2015 г.