Беларусы, не ставайце “пад сьцягі” палітычных прайдзісьветаў

1 студзеня 2015 г.

Навіны

24 сьнежня АГП (“партыя інтэлектуалаў”, як яны самы сябе называюць) выступіла з заявай, роўнай па пафасе гістарычнаму “Отечество в опасности!” Вядомыя палітычныя прайдзісьветы, якія вызначыліся сабачай вернасьцю Маскве (“идеалам русской демократии”) і вечным падыгрываньнем антыбеларускаму рэжыму, выдалі ў інфармпрастору свой заклік. Яны абвясьцілі, што будуць зьбіраць подпісы за адстаўку Лукашэнкі і ўраду РБ. Што называецца, “гучыць прыгожа”… Радыё Свабода спытала ў генсека АГП А. Лебедько, куды яны зьбіраюцца здаваць сабраныя подпісы? Ён гэтае месца так і не назваў. Затое прызнаўся, што такім чынам яму стануць вядомыя людзі, якіх можна зьбіраць “пад нашы сьцягі”.

(Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/26760620.html)

Зразумела, што заява ад АГП была апублікавана на акупанцкай мове (“чтобы всем было понятно”). І вось жа цікава, у падрабязным пераказе апошніх падзей у фінансах і эканоміцы АГП аніразу (!) не выкарыстала слова “Масква”. Нават агаломшаныя пэнсіянэры, мітусьлівыя валютчыкі і ўсе разам у Беларусі зразумелі, што крызіс накаціў на Беларусь з Расеі, што выкліканы ён гаспадараньнем рэжыму маскоўскай унутранай акупацыі Беларусі. А генсек з сваімі “інтэлектуаламі” гэтага “не зразумеў, не заўважыў”. Відавочна, што фальшывыя лібэралы атрымалі загад-уводную ад ворагаў Беларусі прыкрыць Маскву, пераключыць увагу грамадзтва з сапраўдных арганізатараў фінансава-эканамічнага правалу на банальных мясцовых выканаўцаў.

І наогул, а што гэта за манера ва ўмовах узмацненьня паліцэйшчыны і гэбоўшчыны заклікаць людзей падпісывацца ў падпісных аркушах, якія АГП перадасьць “невядома куды”? Хаця апошнімі днямі назіраецца актуалізацыя моды на зборы подпісаў пад дэвізам “Мільён! Хто больш?”

Нашым грамадзянам прапануецца надзець карнавальныя строі, маскі, абкруціцца канфэці і вадзіць з “Лебедьком“ і ягонай “партыяй” чарговыя блазнаўскія карагоды. А “інтэлектуалы” (нават калі яны “нарысуюць” пэўную колькасьць падробленых подпісаў) атрымаюць чарговы грант-транш “на падтрымку штаноў”… даруйце, “на падтрымку дэмакратыі”.

Сяргей Камароўскі