На хвалях Радыё Свабоды засьвяціўся чарговы “экспэрт”, які пракамэнтаваў апошнія выказваньні начальніка антыбеларускага рэжыму. А. Елісееў пададзены як “аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў”. Адным словам, “стратэг” (а можа нават “архістраціг”). Не, без іроніі немагчыма глядзець на гэтую зьяву на фоне грантаўскага ландшафту эпохі позьняга лукашызма. Цытуем “стратэга”:
“Я думаю, што цяпер Лукашэнку непакоіць тая колькасьць беларусаў, якая мае слабую нацыянальную ідэнтычнасьць і прарасейскія погляды. (…)
…ён сёньня зацікаўлены ў тым, каб у беларускім грамадзтве зьмяншалася колькасьць людзей, якія займаюць прарасейскія пазыцыі. Я думаю, менавіта гэтым тлумачыцца тое, што ўжо даволі працяглы час Лукашэнка мэтанакіравана крытыкуе Расею. І крытыкуе даволі сурова. (…)
Але насамрэч гэта робіцца для таго, каб у любой сытуацыі крытыкаваць Расею і тым самым паменшыць колькасьць жыхароў Беларусі, якія стаяць на прарасейскіх пазыцыях”. (Канец цытаваньня).
Што ж, закручана хватка. Бачна, што ўсе інтэлект-патэнцыі грант-інстытута стратэгіі мабілізаваныя на стварэньне велічнага вобразу галоўнага ў нас гаранта беларускасьці і нават антырасейскасьці. Яны так дакоцяцца да канстатаваньня ў рэжымных кліентаў сіндрому русафобіі. Бывалі ў гісторыі і не такія схаластычныя кульбіты.
І ўсё ж цікава (нам, недасьведчаным), а дзе праводзіцца конкурс на пасады ў грант-інстытуты, як зьяўляюцца на фоне ландшафту такія “гаваркія істоты”? Хто кіруе запаўненьнем беларускай інфармацыйнай прасторы гэткай, з дазволу сказаць, субстанцыяй?
Сяргей Камароўскі