“Масква… Там хан Гірэй сваю пугу вывешваў”

19 снежня 2014 г.

Навіны

Крымскія татары не прэтэндуюць на Маскву, нягледзячы на тое, што для татараў яна мае сакральнае значэньне, заявіў лідэр крымскататарскага народу Мустафа Джэмілёў у інтэрв’ю эстонскаму “Радыё 4”.

Так ён пракамэнтаваў словы прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна пра “вялізнае цывілізацыйнае і сакральнае значэньне” Крыма для Расеі.

“Тое, што хрысьціўся князь Уладзімер, дык ён жа быў князем Уладзімерам Кіеўскім. Калі некалі нехта на нашай тэрыторыі хрысьціўся або яшчэ нешта рабіў, і на гэтым аснаваньні… Тады Масква таксама для крымскіх татараў вельмі сакральнае месца – Дэўлет Гірэй пасьля таго, як ён захапіў Маскву ў 1571 годзе, вывешваў там сваю пугу ў навучаньне іншым. Але ж мы не прэтэндуем на Маскву як на наша сакральнае месца”, — зазначыў Джэмілёў.

Ён дадаў, што “у палітыцы Расеі назіраецца моцны прымітывізм”.

“Але гэта для ўнутранага спажываньня. За мяжой над ім сьмяюцца”, — сказаў Джэмілёў.

У пасланьні да Фэдэральнага сходу РФ Пуцін назваў Крым “духоўнай крыніцай маналітнай, але шматаблічнай рускай нацыі”.

13.12.2014 Пераклад з расейскай. Крыніца: http://gordonua.com/news/crimea/Dzhemilev-Moskva-dlya-tatar-sakralnoe-mesto-tam-han-Girey-svoy-knut-vyveshival-55910.html