Зянон Пазьняк 5 сьнежня 2014 г.

19 снежня 2014 г.

Навіны

Сп.сп. Радзіму Гарэцкаму, Уладзімеру Коласу, Уладзімеру Арлову, Міхаілу Пастухову, Міколу Савіцкаму, Алегу Трусаву, Алене Анісім

Глыбокапаважаныя спадарыні і спадары, выказыаю Вам ідэёвую падтрымку ў высокароднай справе абароны суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Другога сьнежня быў апублікаваны праект Маніфэсту ў абарону Незалежнасьці Беларусі. Тэкст у дэклярацыйна-пастановачнай частцы адлюстроўвае асноўныя пагрозы Незалежнасьці, якія ўзьніклі ў цяперашні час. Прапановы па ліквідацыі небясьпекі суверэнітэту (улічваючы сацыяльна-палітычныя абставіны) таксама лагічныя і адпаведныя разумнаму падыходу. Тут адна заўвага. Зыходзячы з духу Маніфэсту, у абзацы, дзе гаворыцца, што дамовы, якія былі заключаны з парушэньнем Канстытуцыі, “павінны быць перагледжаны”, прапаную дадаць словы “і адменены”.

Тым часам ва ўводна-гістарычнай частцы тэксту ёсьць вялікае (і нават парадаксальнае ў гэтым кантэксьце) упушчэньне. Неадлюстравана самая галоўная падзея ХХ-га стагоддзя ў жыцьці нацыі, якая рэальна зрабіла Беларусь незалежнай краінай, сувэрэнным суб’ектам міжнароднай супольнасьці і міжнароднага права. Уласна тое, дзеля чаго падрыхтаваны гэты Маніфэст. Выпраўленьне недахопу тут (у такога роду дакуманце) абавязковае і мусіць быць дакладным.

Уводна-гістарычную частку ў абзацы, які пачынаецца са словаў: “Мы нагадваем…”, прапаную прыняць у наступнай рэдакцыі:

“Мы нагадваем, што Незалежнасьць Беларусі ў якасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) была аб’яўлена 25 Сакавіка 1918 года, сувэрэнітэт Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэклярацыі Вярхоўнага Савета «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР”, якой 25 Жніўня 1991 года быў нададзены статус Канстытуцыйнага Закона Вярхоўным Саветам, які абвясьціў гэтым Незалежнасьць Беларусі. Краіна набыла сучасную назву “Рэспубліка Беларусь” і прызнаная ўсім сьветам як суб’ект міжнароднага права.”

Далейшыя спасылкі ў тэксьце Маніфэста на Дэклярацыю мусяць ісьці як на Канстытуцыйны закон (ад 25.08.1991).

Незабывайма, што Дэклярацыя 27 ліпеня 1990 г. мела асьветніцка-палітычнае, ідэалагічнае значэньне, яна была важным крокам да Незалежнасьці, але рэальна нічога не зьмяняла да 25 Жніўня 1991 г. пакуль ня стала канстытуцыйным законам. Лёс незалежнасьці вызначыўся 25 Жніўня 1991 года ў напружаных палітычых абставінах і ў выніковай беларускай барацьбе пры падтрымцы грамадзтва.

Мяркую, што Маніфэст своечасовы і нагадае беларусам аб вялікай каштоўнасьці незалежнага дзяржаўнага існаваньня і аб сур’ёзнай пагрозе ўсяму народу з боку сілаў імпэрскай рэакцыі і вайны.

Зянон Пазьняк старшыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ