“Фашызм быў ценем камунізма…”

11 снежня 2014 г.

Навіны

Гэтыя словы У. Чэрчыль напісаў ужо пасьля заканчэньня 2-й Сусьветнай Вайны. Мудры быў чалавек, добра разьбіраўся ў прадмеце. Зразумела, трэба адразу зазначыць, што гісторыя адпусьціла Гітлеру мала часу: усяго 12 гадоў, зь якіх палова прыйшлася на вайну. Мы ня ведаем, да якіх “вышынь” і “глыбінь” дайшлі б нацысты, калі б ім далі кіраваць Нямеччынай гадоў трыццаць. Але ў рэальным сьвеце крывавы гітлерскі рэжым аказаўся ўсяго толькі бледным ценям, мізэрным падабенствам сталінскага монстра. Прычым – ва ўсім.

Вялікая Мэта гітлерцаў была простая і нудная: “заваяваньне жыцьцёвай прасторы для нямецкага народу”, прычым разумелася гэта ў самым прыземленым выглядзе: пашы, карысныя выкапні, марскія порты. Вялікай Мэтай бальшавікоў быў “сусьветны трыюмф камунізма”, ніяк ня менш (“Калі апошні памежны знак/ З твару зямлі зьмятуць жаўнеры нашы/ Затрыюмфуе ўсюль чырвоны сьцяг/ Кветкі для ўсіх свае раскрыюць чашы…”). Дзяржаўным гімнам да самага 1943 г. быў “Інтэрнацыянал”. На дзяржаўным гэрбе СССР серп і молат пакрывалі ўсю зямную кулю, без абазначэньня межаў “пралетарскай дзяржавы” хаця б самай танюсенькай лініяй.

Пераходзячы ад сымволікі да суровай прозы жыцьця, належыць адзначыць прынцыповае адрозьненьне ў галоўным: ад Гітлера можна было зьехаць, ад Сталіна можна было толькі, рызыкуючы жыцьцём, уцячы. Да самага пачатку сусьветнай вайны парадак выезду зь Нямеччыны амаль нічым не адрозьніваўся ад прынятага раней у Вэймарскай рэспубліцы: купіў квіток, сеў на цягнік і зьехаў. Сотні тысячаў чалавек, уключна з 347 тыс. габрэяў, пакарысталіся гэтай магчымасьцю. Нацысты толькі “па-зьверску” зьнізілі планку безпадаткавага вывазу капітала з 800 да 200 тыс. даляраў (што таксама зусім ня мала – парадку 3,4 млн. у коштах сёньняшняга дня).

У нас абмежаваньні на выезд былі ўведзеныя з першых жа дзён савецкай улады. У ліпені 1934 года савецкі Крымінальны кодэкс папоўніўся такім злачынствам як “уцёкі або пералёт за мяжу” (што можна лічыць афіцыйным абвяшчэньнем краіны турмой). За гэтае злачынства належала сьмяротнае пакараньне, “а пры зьмякчаючых абставінах – пазбаўленьне волі тэрмінам на 10 гадоў з канфіскацыяй усяе маёмасьці”. Датычна вайскоўцаў – толькі расстрэл. З прычыны таго, што знайсьці і пакараць уцекача было цяжка, улада вырашыла адыграцца на сваяках: “У выпадку ўцёкаў або пералёта замяжу вайскоўца паўнагадовыя члены ягонай сям’і, калі яны нечым спрыялі здрадзе, якая рыхтавалася або была зьдзейсьненая, або хаця б ведалі пра яе, але не давялі пра гэта да ведама ўладаў, караюцца пазбаўленьнем волі тэрмінам ад 5 да 10 гадоў з канфіскацыяй ўсяе маёмасьці”.

Магчымасьці расчыніць дзьверы і выйсьці – гэта галоўнае, што адрозьнівае дом (нават самы бедны) ад турмы (нават самай задбанай). Гітлерскі рэжым вымушаны быў будаваць сваю ўнутраную палітыку так, каб усе не разьехаліся. Немцы не перажылі ні раскулачваньня, ні калектывізацыі, ні галадамора. Немцаў не прымушалі адмаўляцца ад родных дзяцей і бацькоў, ім не давялося каяцца на партсходах у тым, што не разглядзелі ў мужу (жонцы) прыхаванага “ворага народа”. Дзесяткі мільёнаў падданых “райха” – сяляне, дробная гарадзкая буржуазія, журналісты, адвакаты, лекары – мелі сваю, незалежную ад дзяржаўнага пайка крыніцу прыбытку. А там, дзе няма “дыктатуры голаду”, немагчыма забясьпечыць і татальны палітычны кантроль, тым больш – пры расчыненых наўсхрыст межах.

Гітлер фізычна зьнішчаў сваіх паплечнікаў. Гэты эпізод увайшоў у гісторыю пад назовам “ноч доўгіх нажоў”; працягвалася гэтая ноч тры дні (30 чэрвеня – 2 ліпеня 1934 г.). Усяго было расстраляна 70 чалавек (кіраўнікі “шутрмавых атрадаў”, а за кампанію зь імі і іншыя канкурэнты “фюрэра” у барацьбе за ўладу), арыштавана і кінута ў канцлягер 1120 чал. Я мяркую, што таварышы Яжоў і Берыя ніколі гэтых лічбаў ня бачылі, бо інакш яны б ляснулі са сьмеху, так і не дажыўшы да расстрэлу. У СССР аналагічныя мерапрыемствы з “бальшавікамі ленінскай гвардыі” працягваліся больш за два гады (з восені 36-га па вясну 39-га). Толькі паводле сьпісаў, уласнаручна зацьверджаных Сталіным і Молатавым, было расстраляна парадку 40 тыс. чалавек – прадстаўнікі вышэйшай намэклатуры, ваеначальнікі, прыкметныя кіраўнікі прамысловасьці, навукоўцы, дыпламаты, дзеячы культуры.

Масавага тэрору – у сталінскім маштабе слова “масавы” – у гітлерскай Нямеччыне не было зусім. Найбольш крывавымі сталі першыя дні і тыдні пасьля прыйсьця нацыстаў да ўлады (вясна 1933 года). Тысячы людзей, галоўным чынам членаў кампартыі, былі арыштаваныя без суда, іх катавалі і зьдзекваліся зь іх. Паводле афіцыйных ацэнак, тады было забіта больш за 4 тыс. чалвек, арыштавана парадку 25-30 тысячаў. Праз год, у чэрвені 1935 г. колькасьць палітзьняволеных у канцлягярах і турмах скарацілася да 4 тысячаў. У далейшых карніцкая палітыка нацыстаў станавілася больш жорсткай, у “райху” было ўтворана 7 буйных канцлягяроў, у якіх да моманту пачатку вайны знаходзілася парадку 60 тыс. чалавек (у тым ліку ад 15 да 20 тыс. габрэяў).

Камуністычны тэрор у СССР пераўзышоў такія паказчыкі ўжо на самым пачатку, у 20-я гады, якія лічацца цяпер амаль “вэгэтарыянскімі”. Любыя прыгоды Астапа Бэндэра і Кісы Вараб’янінава адбываліся ў краіне, дзе за 9 гадоў (з 1921 па 1929 гг.) ворганамі ВЧК-ГПУ і толькі за так зв. “контррэвалюцыйныя выступы” было арыштавана 590 тысячаў чалавек, 24 тысячы расстараляна, 99 тысячаў накіравана ў турмы і лягяры. І гэта – лёгкая “разьмінка” перад пачаткам сапраўднага масавага тэрору.

За сем гадоў “вялікага пералому” (1930-1936 гг.) за “контррэвалюцыйныя выступы” арыштавана 1379 тыс. чалавек, зь іх 40 тыс. расстраляна, 898 тыс. накіравана ў турмы і лягяры. Мільёны раскулачаных, высланых на непазьбежную сьмерць у дзікую тайгу, у гэтыя лічбы не ўваходзяць – іх ніхто не судзіў і нават ні ў чым не абвінавачваў… І, нарэшце, настаюць страшныя гады Вялікага Тэрору. На працягу 37-38 гг. расстраляна 682 тыс. чалавек. Пра колькасьць загінулых пад катаваньнямі падчас “сьледства” можна ўскосна меркаваць па тым, што за гэтыя два гады НКВД арыштаваў 1575 тыс. чалавек, але зь іх да прысуду (любога) дайшло толькі 1345 тыс. Розьніца ў 230 тыс. чалавек наўрад ці можа быць растлумачана тымі вельмі рээдкімі выпадкамі, калі арыштаваны ў эпоху Вялікага Тэрору чалавек вяртаўся з лёхаў НКВД сябе дахаты.

І за гэта нікому нічога не было. Арганізатары і выканаўцы, садысты і каты (калі толькі яны папярэдне не перабілі адзін аднаго) дастойна сустрэлі старасьць у дамах на Фрунзенскай набярэжнай Масквы, з пэрсанальнай пэнсіяй, “прымацаваньнем” да спэцбольніцы і спэцкрамы, з поўным “іканастасам” дзяржаўных узнагародаў. Ім нават не абвясьцілі грамадзкага абвінавачваньня. Прах Правадыра спакойна ляжыць у крамлёўскім муры, і да яго бюста дэпутаты Дзярждумы РФ штогод ускладаюць кветкі.

Самае дзіўнае ва ўсёй гэтай гісторыі тое, што знаходзяцца людзі, якія зусім шчыра, з квадратнымі вачыма зьдзіўляюцца: “Ды як жа так! Ды ў нашай краіне, што зламала хрыбет фашыстоўскага зьвера, як могуць зьявіцца новыя фашысты?” Сьвятая прастата… Менавіта ў нашай краіне, дзе таталітарны рэжым дасягнуў свайго найбольш поўнага і страшнага ўвасабленьня, менавіта ў нашай краіне, дзе злачынцы не панесьлі нават сымвалічнага, пасьмяротнага пакараньня, менавіта ў нашай краіне, дзе ўвесь гной кашмарнага мінулага быў загнаны унутр грамадзкага арганізма, верагоднасьць адраджэньня фашызма максімальна вялікая. Як ні ў воднай іншай краіне сьвету.

Зразумела, новыя кандыдаты ў правадыры ня будуць хадзіць са свастыкай. Хутчэй за ўсё, яны будуць супраць свастыкі горача змагацца. І таму, калі сёньня жалязьнякі і кургіняны крычаць з трыбуны “Фашызм ня пройдзе”, я выразна чую іхны заклік шырэй расчыніць браму.

Марк Салонін

Пераклаў з расейскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.solonin.org/article_o-simvolah-i-smyisle