Хацелі б “атракцыёну” на сьвятых магілах

11 снежня 2014 г.

Навіны

27 лістапада Радыё Свабода дала слова шэрагу незадаволеных асобаў, у асноўным маладога і вельмі маладога ўзросту. Яны незадаволеныя (разам зь “белрэдакцыяй” РС) тым, што “вандроўкі па мясьцінах Слуцкага паўстаньня год ад году зьбіраюць аднолькава мала людзей”. “Незадаволеныя” навыперадкі выказваюць свае “творчыя прапановы”, адна адной “круче”, а РС даволі маштабна публікуе іх.

Прапановы наступныя. “Далучэньне да сьвяткаваньня новых, нечаканых людзей” (А.Хадановіч з ПЭН-цэнтру). “Трэба зьменшыць колькасьць бел-чырвона-белых сьцягоў і адмовіцца ад агрэсіўнай партыйнай рыторыкі” (вандроўнік-маладзён А. Рудак). “Стварыць кампутарную гульню пра Слуцкі збройны чын” (музыка З. Вайцюшкевіч). Самы культурны зь іх па вызначэньню, безумоўна, культуролаг М. Жбанкоў: “Людзі стаміліся ад ідэалагічнага ціску, ім патрэбны атракцыён”. Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/26713149.html

Даўненька не было такога зладжанага “шматгалосься” на тэму прафанацыі сьвятога. Даўненька мы ня бачылі ў “дэмСМІ” такой “мазгавой атакі” з боку “маладога пакаленьня”. Адказаць хацелася б толькі на прапанову літработніка А. Хадановіча. Калі яму падабаецца, то няхай ён да сябе ў хату прыводзіць “новых, нечаканых людзей”. Такіх людзей шмат у розных месцах, кшталту базараў і вакзалаў. Нечаканасьці будуць забясьпечаныя, жонка літработніка і жыхары суседняй кватэры будуць у захапленьні.

Наступныя тры “прапановы” не паддаюцца тлумачэньню, гэта ёсьць прадукт звыродлівай фантазіі. Ну, хіба што пра кампутарныя гульні замест патрыятычных шэсьцяў і мітынгаў – гэта проста сцэнічная недалёкасьць аўтара. Арганізатары публікацыі хочуць падаць гэты набор як “голас маладога пакаленьня, якое шукае новых формаў”. Дык “новыя формы” ужо ўсе бачылі: Femen і Pussy Riots, напрыклад. Тады ў наватары трэба будзе запісаць таксама й двух расейскіх маладзёнаў, якіх фронтаўцы колькі гадоў таму злавілі ў Курапатах, калі тыя ламалі сьвятыя Крыжы на магілах пакутнікаў. Нават цяперашні рэжым быў вымушаны ратаваць гэтых сынкоў акупанцкіх чыноўнікаў і афіцэраў праз амністыю. А пасьля публікацыі ў РС усе павінны зразумець, што “цяпер усё можна” – “ведь аттракцион, ребята!” Што называецца, вялікі дзякуй дэмакратычнай “белрэдакцыі” за гэты карт-бланш.

Але іранізаваць, нават змрочна, неяк не атрымліваецца. 28 лістапада адбыўся чарговы суд над Юрам Беленькім. Гэта ўжо другі (з трох заяўленых) адміністрацыйны працэс супраць арганізатара мэмарыяльных мерапрыемстваў у Курапатах і Лошыцы. Такім чынам улады хочуць не дапусьціць, каб сапраўдныя патрыёты культурна, паводле нашых нацыянальных, хрысьціянскіх традыцый услаўлялі памяць палеглых герояў і пакутнікаў. Узамен прапануецца “атракцыён”.

Толькі беларусы разьбяруцца. Шчырыя сэрцы заўсёды будуць на баку таго, каго несправядліва перасьледуюць і абвінавачваюць. У гэтай сытуацыі прафанатары і навязьлівыя цыркачы выглядаюць асабліва непрывабна, да іх не далучацца людзі. Зь імі ўсім усё будзе зразумелым. Алесь Хадасевіч