Пра што пісалася ў лістападзе

11 снежня 2014 г.

Навіны

Праблемы Італіі

13 лістапада 2014 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” напісала з Рыма. На ўсходняй ускраіне горада мясцовыя жыхары на працягу чатырох дзён трымалі ў аблозе вялікі іміграцыйны цэнтар. Яны абвінавачваюць імігрантаў у прастытуцыі і распаўсюдзе наркотыкаў. Людзі кідалі камяні ў шыбы і падпалілі сьмецьце перад уваходам у цэнтар. Паліцыя тэрмінова эвакуіравала 45 дзяцей з цэнтру.

Наш камэнтар: Наплыў сотняў тысячаў імігрантаў з экзатычных краін стаміў эўрапейцаў. Гэта вядзе толькі да нянавісьці і дэстабілізацыі ўсіх сэктароў жыцьця ў Эўропе.

Алесь Хадасевіч


Дык чаму ж…?

13 лістапада 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” апублікавала інтэрв’ю з амбасадарам Украіны ў Даніі Андрыем Біручэнкам. Амбасадар заявіў, што Расея настолькі ж небясьпечная для Захаду, як Ісламская Дзяржава. І спытаўся: “Дык чаму ж вы не дапамагаеце нам зброяй для абароны?”

Наш камэнтар: Па ўсім бачна, што змагарная Україна мае сапраўдных дыпламатаў-патрыётаў, зусім не падобных на лукашыстоўскіх “послов” – выканаўцаў волі акупанцкай Масквы. Юрка Марозаў


Маўчаньне травы

13 лістапада 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала: “Беларусь будзе ўзмацняць свае эканамічныя адносіны з Захадам, калі канфлікт ва Украіне будзе працягвацца. Гэта заявіў беларускі міністар гаспадаркі Мікалай Снапкоў прэсавай агенцыі АР”. Гэтую заяву Снапкоў зрабіў у Лёндане, на канфэрэнцыі па інвэстыцыях.

Наш камэнтар: Вось дык навіна! Вось дык логіка! Значыць, вайна супраць Украіны – добра, бо дае Беларусі накірунак на Захад. Гучыць дастаткова кур’ёзна, але журналісты чамусьці не спыталіся ў тав. Снапкова пра гэты кур’ёз. Яны ніколі не пытаюцца ў прадстаўнікоў васальнага рэжыму РБ пра мімікрыю рэжыму. Зрэшты, не пытаюцца і не паведамляюць і пра ўсё астатняе – пра зьнішчэньне беларускай мовы і культуры, перасьлед патрыётаў і г.д. Юрка Марозаў


Дурні у сваёй краіне

15 лістапада 2014 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала з Нідэрляндаў. У горадзе Гоўда распачаліся традыцыйныя перадкалядныя сьвяткаваньні. На цэнтральнай плошчы зьявіліся акцёры ў касьцюмах і грыме: пэрсанажы народнага фальклёру, сярод іх Чорны Піт (акцёр, загрыміраваны пад нэгра). На плошчы пачаліся сутычкі паміж прыхільнікамі Чорнага Піта і праціўнікамі. Паліцыя затрымала 19 чалавек. На фота бачна, як мясцовы афрыканец імпэтна дзейнічае супраць казачнага пэрсанажа, яго хапае і затрымлівае паліцыя. Бачны транспарант – “Чорны Піт – гэта расізм”.

Наш камэнтар: Вось чым занятае “мульцікультурнае” грамадзтва Нідэрляндаў. Вось чым занятая лібэральная Эўропа. Чужынцы (зь нідэрляндзкімі пашпартамі ў кішэнях) дыктуюць мясцоваму народу, як ім сьвяткаваць свае традыцыйныя сьвяты. *Алесь Хадасевіч *


Тэрарысты “ДНР” расстрэльваюць людзей

У суботу, 8 лістапада, у Шахцёрску прадстаўнікі незаконных узброеных фармаваньняў, што дзейнічаюць на тэрыторыі горада, расстралялі дом сям’і бізнэсоўца Галыгі. Пра гэта паведамляюць “Новости Донбасса”, спасылаючыся на ўласныя крыніцы. Каля 22.00 тэрарысты абстралялі з аўтаматаў дом бізнэсоўца. Загінулі сам Галыга і ягоная жонка. Дачка прадпрыймальніка знаходзіцца ў рэанімацыі. Па словах крыніцы, прычынай атакі стала адмова бізнэсоўца плаціць баевікам хабар. 9 лістапада, каля 10.00 на ўчастку паміж Чырвонапартызанскам Луганскай вобласьці і расейскім горадам Гукава была расстрэляная машына, што перавозіла гаруча-змазачныя матэр’ялы.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/war/SMI-V-SHahterske-terroristy-DNR-rasstrelyali-biznesmena-i-ego-semyu-za-otkaz-platit-vzyatku-50567.html