Цытата дня: Клоўн прадстаўляў Беларусь

27 лістапада 2014 г.

Навіны

Цытуем “белрэдакцыю” Радыё Свабода:

“У Празе на канфэрэнцыі, прысьвечанай 25-годзьдзю Аксамітнай рэвалюцыі, сабраліся дысыдэнты 1980-х гадоў, дзейнасьць якіх была лякаматывам падзеньня камунізму ва Ўсходняй Эўропе, а таксама цяперашнія актывісты, якіх падзеі 25-гадовай даўніны натхнілі на актыўную дзейнасьць дзеля адстойваньня дэмакратыі”.

Хто ж прадстаўляў нашу Беларусь на гэтым юбілейным форуме? А прадстаўляў яе вядомы З. Дашкевіч. Цытуем сьледам за РС каронны фрагмэнт яго прамовы на форуме:

“Я зьвяртаю ўвагу на такі біблейскі прыклад. Калі прыйшоў Ісус Хрыстос прапаведаваць — першыя, хто яго прызнаваў на зямлі, былі дэманы. Не прарокі, не начытаныя людзі, а дэманы”. (І г.д., канец цытаваньня). (Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/26692560.html)

Асоба, вядомая сваёй неадукаванасьцю і цьмянай палітычнай біяграфіяй, выступіла гэтым разам у амплуа “багаслова”. Што ж, бывае. Сытуацыю зьмякчае толькі адзін факт: тэксьцік прамовы “багаслову” накрэмзалі нейкія іншыя аўтары.

Яно б можа і няхай сабе, але паўстае пытаньне: хто за гэтым стаіць? І яшчэ: каму выгадна, каб на міжнароднай арэне сярод сапраўдных змагароў за волю сваіх народаў засьвяціўся менавіта гэты кадр? Можна спытацца, як пыталіся лукашысты ў 1994 годзе: “А кто, еслі не он?!” Калі казаць сур’ёзна, то на юбілей Аксамітнай рэвалюцыі павінен быў бы паехаць ад Беларусі наш нацыянальны герой Чалавек Сьцяга Сяргей Каваленка. Магла б паехаць дачка героя-фронтаўца Уладзімера Плешчанкі (1948-2006), якая б расказала сьвету пра бацьку і нашае нацыянальнае змаганьне. Не, паслалі клоўна… Зрэшты, чаму не паслалі ў Прагу прапіяранага апазыц-маладзёна П. Вінаградава?

Цікава ўсё ж, хто за гэтым стаіць? Каму выгадна прадставіць змагарную Беларусь менавіта ў такім сьвятле, такімі пэрсанажамі? Людзі паглядзяць, паслухаюць і могуць падумаць, што мы ўсе такія.

Сяргей Камароўскі