Такім чынам ён для іх «прэзыдэнт».

27 лістапада 2014 г.

Навіны

Яны доўга круціліся, як вуж на патэльні. Выкарыстоўвалі розныя амаль-эўфэмізмы, спрабавалі “захаваць твар” і г.д. І вось настаў час, калі яны ўрэшце “здаліся” і перасталі прыкідвацца прынцыповымі. І здавалася б, ну і што, усяго адно слоўца! Але справа ў тым, што яно ключавое і выведзена ў тытул кароннага матэр’яла зьявы пад гістарычным назовам “белрэдакцыя” Радыё Свабода. Прапануем пачытаць-паслухаць:

“Што мы ведаем пра здароўе прэзыдэнта” за 23 лістапада сёлета.

Такім чынам ён для іх «прэзыдэнт». Маецца на ўвазе інфармацыя пра таго, каго культурныя і здольныя на мысьленьне беларусы з самага першага дня апошняга дваццацігоддзя спакойна і без эмоцый называюць узурпатарам прэзыдэнцкай улады ў Беларусі.

Што здарылася? Ды нічога. Гэтая “агаворка” – у адным шэрагу зь іншымі “ляпамі” апошняга часу. Вось 2 лістапада рэпарцёрская група “белрэдакцыі” маршыравала разам з калонай патрыётаў па Менску на Дзяды. А як толькі прышлі ў Курапаты і распачаўся мэмарыяльны мітынг, у свабодаўскіх “рэпарцёраў” адразу “селі акумулятары” і яны, як зайцы, пабеглі прэч з тэрыторыі Народнага мэмарыялу. У Лошыцкі яр яны з патрыётамі ўжо зусім не хадзілі, задаволіліся слабавучнёўскім “перадзіраньнем” чужой інфармацыі.

На нашых вачах адбываецца стадыя антыэвалюцыі некалі сапраўды дэмакратычных і патрыятычных зьяваў у інфармацыйный прасторы Беларусі. Які будзе фінал гэтай стадыі? А вось які:

“Президент вручил руководству белорусской редакции Радио Свобода ценные подарки и именные часы. Лауреатов тепло поздравил посол России, высказав уверенность в продолжении плодотворного сотрудничества”.

Як кажуць кемлівыя палякі: “Amen i kropka”.

Сымон Рудзік