Героі Савецкага Саюза па 100 рублёў

27 лістапада 2014 г.

Навіны

Быў такі дасьціпны габрэйскі анэкдот савецкіх часоў. Адзін масквіч патэлефанаваў другому, які працаваў у міністэрстве, і выказаў жаданьне быць пахаваным каля Крамлёўскага мура. На наступны дзень хваткі міністэрскі прыяцель ужо пералічваў прапановы: “Сёма, всё возможно, были бы деньги. Есть три места в кремлёвской стене по 200 рублей. Есть два места рядом с генсеками, можно мраморный бюст, это по 1000 рублей. Но я тебе достал одно место в Мавзолее – всего по 1500 рублей! Представляешь! У организаторов только одно условие – ложиться нужно сегодня”…

Як вядома, жанр анэкдота – няхай сабе іранічнае, але вельмі выразнае адлюстраваньне рэальнага жыцьця. Цяперашняя Расея ператвараецца ў субстанцыю, дзе нават глыбокі хімічны аналіз ня можа паказаць межы паміж рэчаіснасьцю і анэкдатычнай творчасьцю. Расейскі інтэрнэт-военторг выклаў спакусьлівую таварную прапанову. Кожнаму жадаючаму прапануецца купіць мэдаль “За оборону Славянска”. Тлумачыцца, што гэта ёсьць “поощрение защитникам”. Кошт мэдаля невысокі, нават ніжэй, чым у згаданым вышэй анэкдоце пра дэфіцытнае месца ў Маўзалеі. Усяго 699 расейскіх рублёў. Цяпер зразумела, чаму сярод тэрарыстаў-сэпаратыстаў ды іншых засланых ва Украіну казачкоў столькі “ардэнаносцаў”, абвешаных крыжыкамі і іншымі бляшкамі.

Сайт “военторга” прыдумаў нават пафасную фармулёвачку да свайго “шакаладнага мэдаля”: “Славянское сидение – это героическая страница русской истории, которую невозможно вырвать”.

Тут трэба нагадаць, што захоплены расейскімі бандамі горад Славянск быў вызвалены ўкраінскай арміяй 5 ліпеня сёлета ў выніку імклівай наступальнай апэрацыі. Тое, што названа “сіденіем”, было на самой справе панічнымі і хаатычнымі ўцёкамі разгромленай акупанцкай навалачы.

Ян Булыга