Служба бясьпекі Украіны заяўляе, што раскрыла і лакалізавала чарговую правакацыю ФСБ.
Вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі, якія ўчора выйшлі пратэставаць у Кіеве, сталі ахвярамі лялечнікаў з замежнай спэцслужбы, сказаў дарадца Старшыні СБУ Маркіян Лубкіўскі ў эфіры 5 канала.
Па яго словах, СБУ мае неабвержныя доказы таго, што ўчорашняя акцыя з прыцягненьнем вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны падбухторвалася звонку – расейскімі спэцслужбамі, у прыватнасьці 18-м цэнтрам ФСБ, які плануе і спрабуе арганізаваць інфармацыйныя атакі супраць Украіны.
Лубкіўскі падкрэсьліў, што пратэстныя акцыі, на задумку лялечнікаў, планаваліся ў Харкаве, Хэрсоне, Мікалаеве, Запарожжы, Адэсе, Віньніцы, Днепрапятроўску і Паўлаградзе.
“Ідэя была зрабіць гэтыя акцыі масавымі, але дзякуючы сумесным дзеяньням Службы бясьпекі Украіны і Міністэрства ўнутраных справаў іх удалося прадухіліць і нэўтралізаваць”, — сказаў Лубкіўскі.
Ён распавёў, што расейскія спэцслужбы ўжываюць вельмі простую схему: падчас буйных сьвятаў альбо прыняцьця важных рашэньняў у парляманце падбухторваюць сытуацыю з дапамогай невядомых хлопцаў, а потым гэтае відэа тыражуецца расейскімі СМІ.
Лубкіўскі распавёў, што правакацыя з нацгвардзейцамі падбухторвалася праз сацыяльную сетку “Вконтакте”. Праз групы “Сопротивление Новороссии” і “Антимайдан” на працягу апошніх тыдняў распаўсюджваліся заклікі да пратэсту супраць “нацыстоўскага маршу”, супраць “бандэраўскага беспрадзелу” і г.д.
Дарадца кіраўніка СБУ распавёў, што адміністратарамі гэтых груп зьяўляюцца грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, у асноўным з Санкт-Пецярбурга.
“Тэрміновыя вайскоўцы аказаліся проста ахвярамі гэтай правакацыі. Мы просім быць максімальна асьцярожнымі. Выходзьце прэч з гэтай сеткі (“Вконтакте”)”, — сказаў Лубкіўскі.
14.10.2014
Пераклад з расейскай.
Крыніца: http://www.unian.net/politics/996108-sbu-protestyi-srochnikov-organizovalo-18-e-upravlenie-fsb.html