Адмянілі «дыялог»
13 кастрычніка 2014 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведаміла пра адмену Пецярбургскага нямецка-расейскага Дыялогу – “у сувязі з крызісам ва Украіне”.
Наш камэнтар: Яшчэ зусім нядаўна нямецкія арганізатары імпрэзы Дыялогу шумна абвінавачвалі тыя нямецкія арганізацыі, якія адмаўляліся браць удзел у Дыялогу, у неразумнай палітыцы. Але вось ужо “неразумных” стала так шмат, што Дыялог вымушаныя адмяніць. Нават многія немцы зразумелі, што няма аб чым гаманець у Расеі.
Юрка Марозаў
Выслалі расейскіх шпіёнаў
13 кастрычніка 2014 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала пра дзеяньні малдаўскіх спэцслужбаў. За два дні яны выслалі з краіны трох расейскіх шпіёнаў. У аэрапорце Кішынёва былі затрыманыя, а потым высланыя з краіны спэцыялісты з ФСБ А. Мядзьведзеў і Д. Галкін, за імі В. Кашырын, супрацоўнік расейскага Інстытута Стратэгічных Дасьледваньняў. Усе яны супрацоўнічалі з рэжымам сэпаратыстаў у Прыднястроўі.
Наш камэнтар: Малдаване імкнуцца не праспаць у шапку усе віды расейскай агрэсіі супраць іхняй дзяржавы.
Алесь Хадасевіч
Мільён даляраў за адну халяву
13 кастрычніка 2014 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра зьдзіўленьне жыхароў Нью Ёрку. Людзі ўбачылі на вуліцах шмат плакатаў з рэкламай культурніцкай акцыі. Лёзунг на плакатах вельмі выразны: “Сірыя, Україна, хто наступны?..” Акцыя абяцае распавесьці праўду пра ўдзельнікаў гэтых канфліктаў, але насамрэч зьяўляецца прапагандысцкай расейскай кампаніяй. У акцыі ўдзельнічаюць шэсьць фатографаў з розных краін, якія нібыта незалежна сабралі інфармацыю з зонаў канфліктаў. Але вядомая сьпявачка і ўдзельніца Майдану ў Кіеве Аксана Лыжычка здолела даведацца праз Сеціва, што акцыя аплочана Расеяй. Йдзецца пра мільён даляраў.
Наш камэнтар: Крэмль-Лубянка не шкадуюць грошай на інфармацыйную вайну супраць людзей і народаў.
Алесь Хадасевіч
Ведаць праўду
14 кастрычніка 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” апублікавала рэцэнзію на новую кнігу Дэніса Ларсэна і Тэркэля Стрэдэ “Як вучыліся гвалту”. Кніга прысьвечана непапулярнай тэме ў Даніі, удзелу 6000 датчанаў у фармаваньнях СС на ўсходнім фронце. У кнізе распавядаецца пра ўдзел дацкіх эсэсаўцаў у зьдзеках над габрэямі, ваеннапалоннымі, партызанамі і забойствах людзей у Бабруйскім канцлягеры.
Наш камэнтар: Абедзьве краіны – і Данія і Беларусь – павінны ведаць усю праўду пра трагедыю вайны.
Алесь Хадасевіч
Імпэрская любоў
14 кастрычніка 214 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што кіраўніцтва Сэрбіі запрасіла Пуціна на сьвяткаваньне 70-й гадавіны вызваленьня Белграда ад немцаў. Ён будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасьцях, выступаць і весьці перамовы. Усё гэта адбудзецца на фоне агульнаэўрапейскай крытыкі і нежаданьня бачыць Пуціна ў сябе.
Наш камэнтар: Белград і Масква добра пачуваюцца разам. Сэрбія бачыць у Расеі вялікага брата і сябра. Беларусы пераканаліся, што з сэрбамі пра агрэсіўную Расею размаўляць бессэнсоўна. Любяць яе і ўсё. Так адна імпэрыя (меншая і ўжо разваленая) апантана любіць другую імпэрыю (каласальную, якая набліжаецца да свайго развалу).
Алесь Хадасевіч
Правакацыі Масквы
14 кастрычніка 2014 г. латвійская газэта “Diena” напісала пра ўзброеныя сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй каля будынку Вярхоўнай Рады Украіны ў Кіеве. Дэманстранты кідалі ў паліцыю камянямі і пэтардамі і стралялі па шыбах будынку. Партыя Свабода і Правы сэктар заявілі, што іхніх сяброў няма сярод тых, хто б’ецца з паліцыяй. Памочнік міністра МУС Заран Шкірак заявіў: “Гэта правакацыя, мэта якой дэстабілізаваць сытуацыю ва Украіне”.
Наш камэнтар: Зразумела, што Масква імкнецца мабілізаваць усю сваю агентуру дзеля зрыву рэформаў і нармальнага разьвіцьця Украіны.
Алесь Хадасевіч