Пра тое, чым адрозьніваюцца палітычныя погляды футбольных заўзятараў і чаму фанаты крычаць “Пуцін – х…ло”, разважае калумніст выданьня “ГОРДОН”, расейскі пісьменьнік-сатырык Віктар Шандаровіч.
Віктар Шандаровіч
Падчас матчу Беларусь – Україна гасьцінныя беларускія заўзятары хорам выканалі хіт сэзону, песьню “Пуцін – ху…ло” (ла-ла-ла-ла-ла…).
Праз тры дні, перад матчам Расея – Малдова, расейскія заўзятары ўзьнялі банэры з партрэтамі лідэраў так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік – з подпісам “Гонар нацыі”.
Як жартавалі ў маім дзяцінстве: два сьвета – два шапіры.
Бо песьню, чые мастацкія перавагі, безумоўна, саступаюць зьместу, выконвалі вольныя людзі. (І заплацілі за гэтае задавальненьне затрыманьнямі і штрафамі). А банэр у Маскве ўздымалі халопы.
Уявіць сябе нават аднаго футбольнага заўзятара, які ведае ў твар і па прозьвішчах увесь гэты сумніўны “гонар нацыі”, — ужо, пагадзіцеся, даволі цяжка. А ўявіць сябе сэкту людзей, адначасна заклапочаных Дзюбай і Пушыліным, энтузіястаў, якія купілі тузін квіткоў на матч Расея – Малдова (што само па сабе ўчынак), а потым яшчэ скінуліся і на свае кроўныя грошыкі і замовілі вялізны банэр, і прытахцілі гэты банэр праз пільных мянтоў на ўваходзе, каб выказаць сваю тыпу грамадзянскую пазыцыю (якая супадае з устаноўкамі праграмы “Время”)…
Як хочаце, а мая фантазія ў гэтым месцы буксуе!
А вось што мне ўявіць даволі лёгка, — гэта радасных “актывістаў”, якіх звозяць аўтобусамі да месца чарговай халявы, служывых дзядзькоў, што раздаюць ім квіткі і соўкаюць у працавітыя рукі транспаранты, зробленыя прамысловым спосабам зь дзяржаўнай каштарысы…
А то мы Паклоннай гары ня бачылі, Пуціна-Сабяніна не выбіралі!
13.10.2014
Пераклад з расейскай.