Беларусь хоча паняволіць гнілая імпэрыя

13 кастрычніка 2014 г.

Навіны

12 кастрычніка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Наша жыцьцёвая абарона”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Зьміцер Якаўцаў, сябра Сойму Партыі і Фронту.

Выступоўцы гаварылі пра падзеі ў суседняй Украіне. Масква працягвае сваю брудную інфармацыйную вайну супраць людзей Беларусі, навязваючы варожыя адносіны да змагарнага ўкраінскага народу. Хаця многія, асабліва маладыя асобы, здолелі вырвацца з сатанінскага кола крамлёўска-гёбэльсаўскай прапаганды і знайшлі альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, бальшыня грамадзтва застаецца ў палоне паліттэхнолагаў “Русского мира”. У выніку ўважлівага аналізу адкрываюцца новыя спосабы маскоўскай прамыўкі мазгоў. Напрыклад, вядома, што абалваньваньне праводзіцца вельмі інтэнсіўна ня толькі падчас спэцпраграм, прысьвечаных вайне супраць Украіны, але таксама падчас дэманстрацыі бясконцых расейскіх тэлесэрыялаў, дзе замбіраваньнем запаўняюцца “паўзы” паміж фрагмэнтамі фільмаў. Супрацьстаяць гэтай цёмнай стыхіі можна толькі сіламі праўды. Гэта ёсьць абавязак патрыётаў – даносіць да нашага грамадзтва аб’ектыўную інфармацыю пра расейскую агрэсію і гераічную абарону сваёй зямлі ўкраінскім народам.

Масква была ўпэўненая ў сваёй поўнай перамозе на беларускім участку інфармацыйнай вайны, але апошнія падзеі ў Барысаве паказалі, што перамогі ворага няма. Маладыя беларусы прадэманстравалі чалавечую і нацыянальную салідарнасьць з украінскім народам, прадстаўнікі якога прыехалі ў Беларусь падтрымаць сваю зборную па футболу. Моладзь разам сьпявала і гукала патрыятычныя лёзунгі. Гэта быў таксама прыклад культурных паводзінаў для ўсяго сьвету спорту. Аданасьць нацыянальнай культуры і традыцыі дэманструюць таксама беларускія ўдзельнікі канцэртаў сучаснай беларускай эстраднай музыкі. У структурах антыбеларускага рэжыму назіраецца паніка. Рэжым падключае ўсіх сваіх запісных спэцоў, якія спрабуюць разьвянчаць духоўны ўздым моладзі. У бліжэйшы час трэба чакаць, што рэжым будзе намагацца інфільтраваць сваёй агентурай рух патрыятычных заўзятараў, каб ператварыць яго ў тыповую расейскую гнюсную зьяву. Але ўжо не атрымаецца. Аказалася, што многія маладыя людзі выпрацавалі імунітэт ад акупанцкай маскальшчыны і рэжымнага маразму.

Выступоўцы падкрэсьлілі, што падзеі разьвіваюцца вельмі інтэнсіўна. Працэсы распаду і гніеньня, якія разгортваюцца ў Расеі, надаюць надзею паняволеным народам і тым, каму пагражае Імпэрыя Зла. Патрыётам трэба быць гатовымі ўзяць адказнасьць за лёс краіны. Каб момантам не пакарысталіся варожыя асадніцкія структуры або нават крымінальнікі. Беларуская нацыя – культурная і эўрапейская – здольная сама кіраваць сваім жыцьцём на сваёй дзяржаўнай тэрыторыі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра факты дзікага зьнішчэньня акупацыйным рэжымам экалогіі Беларусі, зьдзеку з працоўных людзей, русіфікацыі школы, дзе ліквідаваныя найменшыя прыкметы беларускай мовы і культуры. На жаль, многія людзі ня здольныя лагічна зьвязаць зьявы жыцьця. На правінцыі ўсё залеплена рэкламнымі прапановамі выезду на працу ў Расею. Імпэрыя запрашае працаваць на сваіх прасторах ужо ня толькі кваліфікаваных рабочых і інжынэраў, а нават прыбіральшчыкаў. Беларусы павінны б спытацца, што ж гэта за “Русский мир”, дзе ўсе пасьпіваліся або вымерлі і няма каму нават падмятаць сьмецьце? Беларусь хоча захапіць і паняволіць гнілая краіна, у якой дзесяткі мільёнаў грамадзян даведзены да жабрацкага стану, адкуль вывозяцца капіталы, дзе сваіх загінулых вайскоўцаў хаваюць, як сабак. Ёсьць ва ўсіх кутках Беларусі людзі, што адчуваюць набліжэньне вялікіх падзей і бачаць пэрпэктыву вызваленьня краіны ад акупацыі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 12 кастрычніка 2014 г.