Тэарэтызаваньні ад “Інстытута Манілава”

13 кастрычніка 2014 г.

Навіны

Мы ў чарговы раз даведаліся шмат новага пра сябе, наш лёс і нашу экзістэнцыйную сьцяжыну ў прасторы часу. Фірма “Дракахрусты & Company” штодня забясьпечвае нас сваёй аналіз-прадукцыяй. Фірму не цікавіць, што здольныя на думаньне беларусы ўжо даўно пераканаліся ў сумніўнай якасьці яе прадуктаў. На хвалі “белрэдакцыі” радыё Свабода падаў голас сваяк (стрыечны) “журналіста” Ю. Дракахруста “сацыёлаг” А. Манаеў (у народзе – Манілаў). Гладкая фізіяномія гэтага пэрсанажа на фота на старонцы РС паказаная на фоне чырвоных выяваў, сярод якіх чытаецца меч Пагоні і абрэвіятура “БНФ”. Да месца будзе нагадаць, што тав. Манаеў ніякага дачыненьня да БНФ ня меў і ня мае. Мабыць аднойчы пазіраваў быў у канторы Галіхвэ (гэта бачна па фота). Дык вось цытуем тое, што ў “дэмСМІ” падаецца як “заявіў доктар сацыялягічных навук, прафэсар Алег Манаеў, камэнтуючы вынікі апошняга дасьледаваньня зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў”:

“Падтрымка большасьцю беларусаў расейскай пазыцыі адносна анэксіі Крыму і канфлікту ў Данбасе — гэта перш за ўсё вынік цесных гістарычных і культурных сувязяў беларусаў і расейцаў, а ня вынік прапаганды расейскага тэлебачаньня”.

“Прапаганда — гэта вельмі важны фактар. Так было і так будзе заўсёды. Але з гэтага не вынікае, што калі б чароўным чынам расейская і беларуская прапаганда зьнікла, то стаўленьне да ўкраінскіх падзеяў праз тыдзень зьмянілася б. Усё гэта абумоўлена гістарычнымі і культурнымі сувязямі з Расеяй. Безумоўна, ёсьць частка грамадзтва празаходняя, мы з вамі да яе належым, мы з вамі ў ёй жывём. Але астатняя частка Беларусі — іншая, яе прадстаўляе Аляксандар Лукашэнка, і іх больш, чым нас з вамі. Так было 20 гадоў таму, так ёсьць сёньня, і я падазраю, што калі заўтра Лукашэнку зьменіць Мілінкевіч або Някляеў, то як мінімум 5–7 гадоў так будзе працягвацца”.

“На першае месца выйшаў прыярытэт бясьпекі і стабільнасьці. А што гарантуе ў вачах масавага беларуса бясьпеку? Моцная дзяржава, якую сёньня ў Беларусі ўвасабляе сабой Лукашэнка”.

“Манаеў таксама адзначае, што адрозьненьне ў поглядах на ўкраінскія падзеі адносна розных узроставых груп беларусаў — зусім ня значнае. Зразумела, у цэлым можна казаць, што, умоўна кажучы, бабулі і дзядулі больш падтрымліваюць уладу, больш асуджаюць украінскія падзеі і больш падтрымліваюць Расею, а моладзь, іх унукі, больш на баку Эўропы. Але гэта не істотная розьніца. Не істотная ў тым сэнсе, што калі ўявіць сабе, што ўсе людзі, старэйшыя за 60 гадоў, пераселяцца на Месяц, а ў Беларусі застанецца толькі моладзь да 30 гадоў, то казаць, што ў краіне ўсё стала б інакш, нельга. Гэта няпраўда. Розьніца не такая вялікая, каб лічыць, што новае пакаленьне прынясе з сабой зусім іншыя каштоўнасьці і погляды, у тым ліку на разуменьне ўкраінска-расейскага канфлікту”. (Канец цытаваньня).

Беларусы (як, зрэшты, заўсёды) нічога ня чулі і нідзе ня бачылі ніякага манаеўскага “дасьледваньня” у Беларусі. “Дасьледваньня” проста не было. Дзеяньне гэтай канторы ўжо даўно вядомае. Як заўсёды, йдзецца пра тандэтную схаластыку грантаўскага халяўшчыка, які зусім не сумеецца сваёй даўно падмочанай псэўданавуковай рэпутацыяй. Апошнім часам “агент Сацыёлаг” атрымаў ад сваіх гаспадароў уводную выставіць нас, — беларусаў, — натуральнымі дурачкамі, якія экзістэнцыйна бачаць паратунак выключна ў асобе начальніка рэжыму і на дух не пераносяць Украіну і Захад. Нашая любоў да Расеі, маўляў, – гэта нешта “глыбінна пачуцьцёвае”, на ўзроўні самаадданасьці. Бруднае гёбэльсаўскае цунамі, маўляў, і ня трэба было б трансляваць у Беларусі, яно зусім не аргумант у ацэнцы нашага думаньня. Можна было б спытацца ў “агента Сацыёлага”, чаму ж тады расейская зомбаскрыня не адключана, а круглымі суткамі апрацоўвае нашае насельніцтва? Але шукаць логіку ў псэўдасацыялагічных фабрыкацыях “манілаўскага інстытута” бессэнсоўна. Бяскомплекснае, расперазанае трызьненьне такіх інстытутаў і спэцоў будзе працягвацца роўна столькі, колькі будзе працягвацца фінанс-падача з Масквы і Берліна і пакуль існуюць “дэмСМІ” разам з антыбеларускім рэжымам. Іхняе спэц-гаварэньне на Беларусь-гэта ёсьць працяг маскоўскай гёбэльсаўшчыны і пуцінскай паклёпніцкай вайны.

Ян Булыга