Агляд замежнага друку

13 кастрычніка 2014 г.

Навіны

Апрабаваны спосаб сатанінскай імпэрыі

8 кастрычніка 2014 г. іспанская газэта “El Mundo” апублікавала рэпартаж з турэцка-сірыйскай мяжы. Баевікі “ісламскай дзяржавы” працягваюць наступ на курдскі горад Кабанэ на тэрыторыі Сірыі. Турэцкія курды спрабуюць прарвацца празь мяжу, каб дапамагчы сваім суайчыньнікам. Іх не прапускае турэцкая армія. Амэрыканская авіяцыя ўжо бамбавала войскі баевікоў “ісламскай дзяржавы”.

Наш камэнтар: Распаліла Масква вайну! Сірыйскі народ хацеў вызваліцца ад прамаскоўскай тыраніі Асада, але Крэмль мабілізаваў сваіх кліентаў у чалмах, якія перакулілі народную рэвалюцыю ў “ісламскую дзяржаву”. Пра вайну ва Украіне ўсе амаль забыліся. Стары, апрабаваны спосаб.

Алесь Хадасевіч


Захапілі лубянскую базу

8 кастрычніка 2014 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла з Сірыі пра важную перамогу народнай паўстанцкай арміі, якая змагаецца супраць рэжыму Асада і “ісламскай дзяржавы”. 5 кастрычніка патрыёты выбілі ворага і захапілі вайсковую базу Тэль Аль-Хара, дзе знаходзілася шпіёнская сірыйска-расейская станцыя назіраньня.

Наш камэнтар: Зноў лубянскім “спэцам” давялося ўцякаць у падштаньніках. Работа такая…

Юрка Марозаў


Агрэсар, круцель і беларусаплюйка

9 кастычніка 2014 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра “сюрпрызы ў Нобэлеўскім камітэце ў Осла”. Сярод прапановаў на Нобэля Міру ёсьць нават Пуцін, які напаў з вайной на аўтарытэт якога падае ў сувязі з крызісам ва Украіне.

Наш камэнтар: (Але стылёк, скажам Вам — «ў сувязі з крызісам ва Украіне». Але мы пра іншае. Нобэлеўскія “сюрпрызы” – рэч вядомая. У сьпісе кандыдатаў на Нобэля ёсьць фінансавы круцель А. Бяляцкі і “пішушчая беларусафобка” С. Алексіевіч. Нібыта няма сапраўдных людзей у Беларусі. Некаму вельмі хочацца, каб сьвет менавіта так і меркаваў.

Юрка Марозаў


Вырабленая дэзінфармацыя

10 кастрычніка 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала, што падчас футбольнага матчу ў Беларусі паміж зборнымі Беларусі і Украіны “сотні фанатаў скандавалі вульгарныя лёзунгі супраць расейскага прэзыдэнта Пуціна”. Потым “беларускія ворганы арыштавалі” шэраг фанатаў. Пра гэта агенцыі АР паведаміў супрацоўнік МУС І. Кубракоў.

Наш камэнтар: Асашыэйтэд Прэс распаўсюдзіла ў цэлым сьвеце нават імя лукашэнкаўскага міліцыянта Кубракова. А вось пра тое, як моладзь дружна гукала на стадыёне ў Барысаве “Жыве Беларусь!” і “Слава Украіне” славакам і ўсім астатнім “забылася” паведаміць. Вядома, што рэпарцёрамі міжнародных агенцый навінаў у Беларусі служаць нячыстыя на руку псэўдажурналісты. Да таго ж сваю “інфармацыю” яны спачатку пасылаюць у бюро гэтых агенцый у Маскву. Самы гэтыя рэпарцёры часьцей за ўсё нават ня ведаюць ніякіх моваў. Вось і атрымліваецца перакручаная “інфармацыя” з нашай краіны. І так, практычна ўвесь час.

Юрка Марозаў


Недальнабачная падтрымку злу

11 кастрычніка 2014 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра новае выданьне. Сям’я сусьветна вядомага нарвэжскага пісьменьніка Кнута Гамсуна апублікавала ягоныя раней невядомыя лісты і нататкі. Там ёсьць і такое: “Гітлер – вялікая духоўная асоба”.

Наш камэнтар: Вядома, што Гамсун падтрымліваў нацыянал-сацыялістаў, лідэра нарвэжскіх калабарацыяністаў Квіслінга і нямецкую акупацыю як “паратунак ад саветаў і камунізма”. За гэтую пазыцыю нарвэжскія патрыёты па-свойму адудзячылі яму. Тысячы людзей несьлі кнігі Гамсуна і пакідалі іх стосамі каля парога ягонага дома ў Осла. Гэта ня першы выпадак у творчым жыцьці народаў і не апошні, калі сапраўдныя таленты дэкларавалі падтрымку злу. Ёсьць такія прыклады і ў сёньняшняй Беларусі.

Алесь Хадасевіч


Старая прастытутка дзеўкай не прыкідваецца

12 кастрычніка 2014 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад выразным тытулам “Захад ужо зноў палюбіў Пуціна?” Урад Аўстраліі паведаміў, што Пуцін запрошаны на саміт 20-кі самых разьвітых краін, які адбудзецца ў лістападзе у г. Брысбэйне.

Наш камэнтар: Захад працягвае круціць хвастом. Украінцам і беларусам трэба быць пільнымі і спадзявацца толькі на самых сябе.

Алесь Хадасевіч