Вайна і гуманітарная катастрофа ў данецкім рэгіёне Украіны працягваецца. Масква падпісвае пагадненьні аб спыненьні агню, але не выконвае іх. Канца трагедыі, пастаўленай маскоўскімі рэжысёрамі, ня бачна. Але многія людзі ўжо робяць галоўныя высновы з трагічных падзей.
Аплакваюць сваіх палеглых герояў сем’і і ўсё украінскае грамадзтва. Шукаюць сваіх загіблых сыноў сем’і ў Пскове, Кастраме і ў іншых месцах Расеі. І ўсё ж па самым вялікім кошце расплаціліся людзі, што жывуць на Данбасе. Расплаціліся за сваю даволі масавую любоў да Масквы, за сваю мару “стацца Расеяй”, за “слава Пуціну радному!”, за нянавісьць да ўсяго ўкраінскага і жаданьне “ўвайсьці ў межы вялікай Расеі”, за танцы на плошчах каля помнікаў Леніну і пад трыкалёрам РФ. Іх прышлі ўводзіць «у межы Расеі» і пачалося…
Уладу ў гарадах і паселішчах захапілі імпартаваныя тэрарысты-профі гіркіны-бабаі, якія мабілізавалі ўвесь мясцовы крымінал, раздаўшы яму аўтаматы. Потым падцягнуліся дзікія атрады азьвярэлых кадыраўскіх галаварэзаў. Людзей пачалі забіваць, катаваць, абрабоўваць. Калі Украінская армія прышла, каб вызваліць родную зямлю ад захопнікаў, бандыты пачалі сістэматычна абстрэльваць жылыя кварталы і забіваць мірных людзей, выдаючы гэта за злачынствы ўкраінскіх вайскоўцаў.
Калі наіўныя данецкія людзі кінуліся ўцякаць у любімую Расею, іх (жыхароў сонечных стэпаў Прыдоньня) пачалі тысячамі высяляць на Калыму і ў іншыя страшныя месцы РФ, дзе сьпілося і вымірае мясцовае насельніцтва. Вядома, што 60 тысячаў данецкіх уцекачоў ужо вярнуліся з Расеі на Данбас. Руіны родных паселішчаў падаліся ім больш камфортнымі, чым Магадан і Адыгея. Любоў да Масквы, да “русского языка” абярнулася вялікай бядой для сотняў тысячаў людзей, якія апынуліся ў палоне пачварнай ілюзіі “Русского мира”.
Страшным коштам прадэманстравана на практыцы наступнае. Калі ты апантана “любіш Маскву” і “хочаш жыць у Расеі” (не пакідаючы, аднак, кватэру ў Менску або Таліне), калі ты грэбуеш “лабусамі” і “бульбашамі” і хочаш, каб твае дзеці размаўлялі выключна па-руску, ты павінен быць гатовы да таго, што Масква адплоціць табе за тваю любоў. Аднойчы, ўстаўшы раніцай, ты ўбачыш пад вокнамі свайго дома “дружественный кадыровский танк”, які прыехаў цябе “освобождать”. Потым твой дом будзе разбураны “дружественным огнём”, а маёмасьць вынесуць у мяхах “зялёныя чалавечкі”. У тваім двары будзе разьмешчана батарэя “дружественной” устаноўкі “Град”. Праўда, пасьля некалькіх залпаў яна паедзе ў іншы двор, а ты з сваёй сям’ёй застанешся. У школе, дзе вучыліся твае дзеці (ты зрабіў быў усё, каб яна была “русскоязычной”), русскоязычныя бандыты арганізуюць свой штаб і камэры-катоўні. А калі ты пабяжыш ратавацца ў Расею, цябе пашлюць жыць на курорты Ямала і Камчаткі. «Добро пожаловать в Русский мир».
Сымон Рудзік