Падчас захопу Крыма расейскай арміяй сёлета шэраг службовых асобаў арміі і міліцыі Украіны адразу ж перайшлі на бок ворага і запрапанавалі яму свае паслугі. Гэта былі галоўным чынам службоўцы крымскага паходжаньня і мясцовай прапіскі. Яны прызналіся, што зрабілі так не таму, што апантана любяць Маскву, а зь менш рамантычнай матывацыі. Яны разьлічвалі, што застануцца жыць і служыць у родным Крыме. Іх патрымалі шэсьць месяцаў у крымскіх гарнізонах, а потым наладзілі “ратацыю”. На іхняе месца прыехалі “дорогіе россіяне” зь Сібіры і Урала, а крымскіх здраднікаў накіроўваюць (зь сем’ямі і назаўжды!) у Сібір, на Урал і на Каўказ.
Гэта ёсьць даўняя завядзёнка імпэрскага жыцьця “у адным катле”. Напрыклад, пад уладай Рыма сірыйцы служылі ў Германіі, а германцы ў Сірыі.
Мяркуем, што гэта павінна быць цікавым для некаторых беларусаў у мундзірах, якім камісарства прышчапіла любоў да Масквы альбо абыякавасьць да лёсу сваёй нацыі і дзяржавы. Месца ў Сібіры для ўсіх хопіць.
Сяргей Камароўскі