«Духоўнік»

1 кастрычніка 2014 г.

Навіны

Быў некалі малады лідэр юрыдычнага цела пад назовам “Малады Фронт”. Падаваў надзею на самастойнасьць мысьленьня, палітычны імпэт, многія яму верылі. А потым неяк здрабнеў, зашмальцаваўся, пачаў паводзіць сябе штучна. Згаданы “МФ” даўно ператварыўся ў пародыю, а Павел Севярынец і зусім стаўся героям анэкдота. Каго толькі ён не абслугоўваў на псэўдаапазыцыйнай арэне, “несть ім чісла”. Апошнім часам ён абслугоўвае вядомага Рымашэўскага зь ягонай ініцыятывай БХД. “ДэмСМІ” час ад часу прыкладаюць намаганьні, каб выставіць нашага героя ў амплуа класіка сучаснай беларускай палітычнай думкі. Ды толькі ні разу яны не згадалі пра адну выразную дэталь. Дзе б ні зьяўляўся на публіцы Павел, яго абавязкава суправаджае шэрым ценям нейкая фігура ў цывільным. Фігура не адступае ад яго ні на крок, глядзіць і слухае, слухае і прыглядае. Калі ў Паўла пытаюцца, хто гэта такі, ён адказвае: “Гэта пратэстанцкі духоўнік”. Рэдка прыходзіцца бачыць пастараў з такімі каменнымі фізіяноміямі і халоднымі вачыма. Але кожны мае права на сваю кампанію.

Сяргей Камароўскі