Заблудзіўшыся выходзяць на дарогу

1 кастрычніка 2014 г.

Навіны

Такое й Чарлі Чапліну ня сьнілася. Але ягоныя пасьлядоўнікі ў псэўдаапазыцыйнай дзейнасьці гэтым не сумеюцца і арганізоўваюць чарговую клаўнаду, гэтым разам на аўтастрадах. Клаўнада называецца патэтычна – “Стоп імпэрыя”. Начальнік групы пад назовам “Малады Фронт” З. Дашкевіч заявіў “белрэдакцыі” Радыё Свабода, што зьбіраецца змагацца з вывешваньнем расейскіх “георгіеўскіх стужачак” на аўтамабілях, бо яны – “сымвалы акупацыі”. Цытуем далей:

“Ёсьць юрыдычныя мэханізмы, якія дазваляюць пазбавіцца гэтага агітпропу — гэта звароты ў ДАІ, бо паводле правілаў дарожнага руху завешваць лабавое шкло якімі-кольвечы рэчамі забаронена. Маладафронтаўцы ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі будуць па меры магчымасьці фатаграфаваць, запісваць нумары аўтамабіляў з расейскай атрыбутыкай, і будзем зьвяртацца ў ДАІ. Па меры адказаў ДАІ мы будзем інфармаваць грамадзтва пра вынікі”, — распавёў Дашкевіч.

Бачна, што ў наяўнасьці аднаўленьне практыкі бязглуздых “моб-шмобаў” (флэш-мобаў). Толькі цяпер зь “юрыдычнай” напханкай. Група мясцовага Чарлі будзе гераічна змагацца з сымваламі акупацыі, апэлюючы да акупанцкай улады. Зброяй ім паслужаць звароты ў адну з кантораў гэтай самай акупацыі. Гэта ўсяроўна як бы беларускія падпольшчыкі насілі свае скаргі на гітлерскія сьцягі ў мясцовае аддзяленьне якой-небудзь нямецкай канторы. Калі б тады так рабілі, то нямецкая акупацыя, напэўна, працягвалася б дагэтуль.

Зразумела, што не наш Чарлі і не ягоныя клоўны дадумаліся да такой “барбы”. Вытанчаны (як некаму здаецца) спосаб прафанацыі змаганьня – гэта, безумоўна, задумка тых, хто стаіць за гэтай ініцыятывай.

Ян Булыга