Агляд замежнага друку

21 верасня 2014 г.

Навіны

(12.09. – 15.09.2014)

Куды там кітайцам!

12 верасьня 2014 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра вынікі сацыялагічнага апытаньня ў Кітаі і Японіі. 54% кітайцаў баяцца вайны зь Японіяй, а 29% японцаў баяцца вайны з Кітаем.

Наш камэнтар: У азіяцкіх народаў вялікая частка грамадзтва баіцца, а значыць ня хоча, жадае пазьбегнуць вайны. А яшчэ кажуць пра азіяцкую абыякавасьць да чалавечага жыцьця. Вунь у Расеі бальшыня папуляцыі гукае: “Путин, родной, души хохлов! Всё у тебя получится!” Вось дзе сапраўдная азіяцка-таталітарная мэнтальнасьць. Куды там кітайцам!

Юрка Марозаў


Гіркін узьнік у Маскве

13 верасьня 2014 г. славацкая газэта “Pravda” паведаміла, што “Рэмба Данбаса” Стралкоў (у сапраўднасьці палкоўнік расейскай ваеннай выведкі Гіркін) узьнік у Маскве. Ён заявіў, што цяпер будзе “абараняць Пуціна ў Маскве”.

Наш камэнтар: Ведаючы, як Гіркін “наабараняў” ва Украіне, мы віншуем “дорогіх россіян” са зьяўленьнем такога “абаронцы”.

Алесь Хадасевіч


Нам бы іхныя праблемы

15 верасьня 2014 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала: “Беспрэцэдэнтная сытуацыя. Вучні ня маюць падручнікаў у першы дзень навучаньня. Упершыню пасьля рэвалюцыі малыя ня маюць на партах нават буквара. Трэба паслаць у адстаўку міністра адукацыі?” На фота ў газэце – сымпатычныя першакласнікі ў румынскай школе.

Наш камэнтар: У беларускія класы прышлі такія ж сымпатычныя першакласнікі. Ім своечасова паклалі на парты падручнікі. Румынам такое ня сьнілася з часоў даўняга турэцкага іга. Усе падручнікі для беларускіх дзяцей – акупанцкія, маскальскія, на чужой мове. У першы ж дзень ім распавялі ў школе: “Дети, у нас два языка…” Але ўсе цудоўна разумеюць, што беларускай мове няма месца на ўсіх узроўнях адукацыі ў нашай акупаванай краіне. Прывіваць любоў да роднай мовы, вучыць на ёй дзяцей сем’і могуць толькі самастойна, дома, пасьля заняткаў у акупанцкай махіне русіфікацыі. Так будзе да вызваленьня Беларусі ад акупанцкага рэжыму. Румыны ня ведаюць пра такія праблемы.

Алесь Хадасевіч


Масква пагражае атамнай зброяй

15 верасьня 2014 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” напісала з Украіны. Міністар абароны Валеры Гелэтэй заявіў, што Расея пагражае Украіне тактычнай ядзернай зброяй. У сувязі з гэтым Кіеў разглядае магчымасьць распрацоўкі ўласнай ядзернай зброі.

Наш камэнтар: Перадача маскоўскай імпэрыі (учорашняму акупанту) ядзернай зброі пад гарантыі Захаду было вялікай памылкай Украіны і Беларусі. Цяпер акупант пагражае гэтымі ракетамі. Трэба ўзбройваць народ і адбіваць атакі агрэсара. Гэтая вайна можа скончыцца толькі разбурэньнем Карфагена.

Юрка Марозаў


**Нават расейцы зразумелі **

15 верасьня 2014 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” паведаміла, што ў Расеі адбыліся мясцовыя выбары, паўсюль перамагла пуцінская “Едіная Россія”. Апазыцыйныя групоўкі, накшталт “Яблыка”, пацярпелі паразу і паведамляюць пра шматлікія парушэньні.

Наш камэнтар: Людзі паведамляюць з Расеі, што там адбыўся, фактычна, байкот выбараў. Расейцы на выбары масава не пайшлі, бо зразумелі, што гэта ня выбары.

Алесь Хадасевіч


Правы фашысцкай агентуры

15 верасьня 2014 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла пра заявы з Масквы. МЗС Расеі зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам забясьпечыць правы расейскамоўных у Латвіі і Эстоніі. Сярод іншага супрацоўнік МЗС К. Далгоў заявіў: “Больш за 50% людзей у большых гарадах Латвіі – расейскага паходжаньня. Вось у сэрцы Эўропы парушаюцца правы чалавека”.

Наш камэнтар: І так будзе бясконца, да самага канчатковага развалу маскоўскай імпэрыі. А казалі разумныя людзі ў балтыйскіх грамадзтвах у 1991 годзе казалі, што трэба выдаляць у Расею ўсіх тых, хто сваімі дзеяньнямі засьведчыў свае акупанцкія функцыі ў балтыйскіх рэспубліках, хто адкрыта ненавідзеў мову, культуру і сам мясцовы народ. Іх не паслухалі, спаслаліся на “правы чалавека”. Бальшыня іх засталася са сваёй нянавісьцю і агентурнымі функцыямі. У выніку ніяк не разблытацца з гэтымі шпіёнскімі “правамі”.

Юрка Марозаў