“Пуцін будзе шантажаваць ядзернай зброяй”

21 верасня 2014 г.

Навіны

Эўропа баіцца Расеі і ня хоча ўскладненьняў. Захад павінен зразумець, што прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін гатовы павышаць стаўкі ў гэтай вайне, таму што ў яго ёсьць матывы. Ён паставіў на карту ўсё – калі ён пацерпіць паразу ва Украіне, то будзе скінуты.

Такую думку выказаў расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі, паведамляе DELFI.lt.

На думку экспэрта, калі Захад ня хоча супрацьстаяць Пуціну ў Эстоніі на ўзроўні ядзернай вайны, трэба спыніць яго ва Украіне.

“Для гэтага ёсьць усе магчымасьці. Нават санкцыі, якія ў наяўнасьці, вельмі цяжкія для эканомікі Расеі, якая і так дэградуе”, — заявіў Піянткоўскі.

Экспэрт падкрэсьліў, што перамір’е было важным для Пуціна, каб сарваць далейшыя заходнія санкцыі.

“Санкцыі працуюць і будуць працаваць. І вельмі важна нанесьці паразу гэтай небясьпечнай канцэпцыі “русского мира”, бо яна прывядзе нас ня проста да сусьветнай вайны, а да сусьветнай ядзернай вайны. Гэта відавочна, бо эканамічна Расея слабейшая за Захад, па зброі слабейшая за НАТО ў цэлым і за ЗША. Значыць, калі Пуцін зьбіраецца выйграваць гэтую вайну – ён будзе выкарыстоўваць шантаж ядзернай зброяй, разьлічваючы, што Запад здрыганецца і адступіць”, — паведаміў расейскі палітолаг.

Піянткоўскі зазначыў, што першыя ж зьнешнепалітычныя няўдачы абернуцца для Пуціна крахам, бо расейская “вярхушка” уважліва за ім назірае.

Экспэрт перакананы, што Эўропа проста не да канца разумее сытуацыю. На яго думку, ключавой краінай у Эўразьвязе зьяўляецца Нямеччына, а ключавой фігурай – Мэркэль, якой трэба тлумачыць, што адбываецца і магчымыя наступствы.

“Ёсьць прыфрантавая група дзяржаваў – Прыбалтыка, Польшча. Украіну падтрымлівае Швэцыя і Вялікая Брытанія. Але ўся справа ў адной краіне – у Нямеччыне. Калі б яна была ў гэтай кааліцыі, вы маглі б не турбавацца, што думаюць Славакія і Кіпр. Гэта значыць, ключавая краіна – Нямеччына, а ключавая фігура – Мэркэль, якую ўкраінцы называюць “фраў Рыбэнтроп”. Яна эвалюцыянуе, бо павінна разумець, як працуе сістэма, што такое “Штазі”. Яна ж выхоўвалася ў ГДР. Але хацелася б большага разуменьня. Эўрапейцы баяцца вайны, ня хочуць ускладненьняў. І ім трэба тлумачыць гэтую сувязь: калі Пуціну дазволіць перамагчы ва Украіне, ён прыйдзе ў Балтыю. Балтыя – гэта краіны НАТО. І тады эўрапейцам давядзецца альбо закрываць НАТО, альбо ісьці на рызыку вайны зь ядзернай дзяржавай. Гэта пачварны выбар, яны ня хочуць гэтага выбару. Але тады спыніце Пуціна”, — рэзюміруе Піянткоўскі

19.09.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/Piontkovskiy-CHtoby-vyigrat-Putin-budet-ispolzovat-yadernyy-shantazh-rasschityvaya-chto-Zapad-otstupit-41963.html