Market Garden

21 верасня 2014 г.

Навіны

Роўна семдзесят гадоў таму распачалася ваенная апэрацыя, якая мела на мэце канчатковы разгром гітлерскай Нямеччыны і заканчэньне вайны да калядных сьвятаў. Распрацаваная брытанскім маршалам Мантгомэры, апэрацыя “Маркэт Гардэн” (англ. – “Гарод”) была праведзена ў асноўным на тэрыторыі Нідэрляндаў. Але некаторыя авангардныя аддзелы ўпершыню ўварваліся былі на тэрыторыю Нямеччыны. Першы яе этап – “Маркэт” – заключаўся ў перакідваньні вялікіх аддзелаў паветрана-дэсантных войскаў зь Вялікай Брытаніі і дэсантаваньне іх ў Нідэрляндах, у тыле нямецкай арміі. Другі этап – “Гардэн” – азначаў імклівы маршкідок бранетанкавых і пяхотных войскаў праз Нідэрлянды, прарыў і захоп Рурскага басэйну, самай індустрыяльнай зоны Нямеччыны. Парашутысты павінны былі захапіць масты на Рэйне і ўтрымліваць іх да падыходу асноўных сілаў. План быў амбітны і, безумоўна, вельмі рызыкоўны.

Раніцай 17 верасьня 1944 года неба над Англіяй пачарнела ад самалётаў. Гул матораў быў настолькі магутны, што людзі на вуліцах ня чулі адзін аднаго, а ў касьцёлах спыніліся багаслужбы, бо не чуваць было арганаў. У Бэльгіі брытанскія і амэрыканскія танкі прарвалі нямецкую абарону на канале Альбэрта і пачалі імкліва наступаць па дарогах. Немцы былі агаломшаныя першай хваляй паветаранага дэсанту. Парашутысты захапілі большасьць вызначаных мастоў і пачалі адбіваць нямецкія атакі. Асноўныя баі разгарнуліся ў раёнах Арнхэма, Нэймэгэна і Эйндховэна.

І ўсё ж самалётаў і планераў было недастаткова. Таму дэсант давялося праводзіць у тры дні, і гэта зьнізіла яго эфэктыўнасьць. Быў страчаны момант раптоўнасьці. Як успаміналі беларускія вэтэраны бітвы, “па нас стралялі, як па курапатках”. Асобная паветрана-дэсантная брыгада Войска Польскага (шмат беларускіх жаўнераў і афіцэраў) павінна была высадзіцца 19 верасьня. Але з прычыны туману высадзіцца ўдалося толькі 21 верасьня – у раёне Дрыля, каб адразу ўступіць у бой дзеля падтрымкі брытанскіх дэсантнікаў, якія трымаліся там з апошніх сілаў. Але ў той жа дзень немцам удалося зноў захапіць у брытанцаў мост у Арнхэме, што паставіла пад пагрозу ўсю апэрацыю. Нямецкае камандваньне здолела сканцэнтраваць танкавыя часткі СС і кінуць іх на дэсантнікаў, якія мелі толькі лёгкую зброю. Пачаліся цяжкасьці на ўсіх участках бітвы, бо немцы атакавалі ўсе дарогі, па якіх наступалі хаўрусьнікі. Урэшце немцы прарвалі абарону амэрыканскіх дэсантнікаў на флангах, пачалася дэзарганізацыя баявых парадкаў. Уноч на 26 верасьня, на дзесяты дзень бесперапынных баёў, войскі атрымалі загад на адступленьне. Упершыню за ўсю вайну было загадана ня браць з сабой параненых, настолькі вялікай была рызыка поўнага акружэньня і зьнішчэньня частак. Апэрацыя скончылася няўдачай і посьпехам гітлерцаў. Але гэта была часовая тактычная перамога нямецкіх войскаў. Наперадзе быў разгром Нямеччыны і вызваленьне Эўропы. Нашым гісторыкам яшчэ давядзецца вярнуць гераічную главу “Бітва за Нідэрлянды” у Кнігу Гісторыі Беларусі.

Валеры Буйвал