(Верасьнёўскі Сойм 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
14 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Рыхтуймася да абароны Айчыны”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўца ахарактарызаваў актуальны этап разьвіцьця падзей у Беларусі і вакол яе. Нягледзячы на няўклюдныя спробы антыбеларускага рэжыму апрануцца ў тогу міратворцы, адбылося тое, чаго чакалі здольныя на думаньне людзі. Пасьля такз ваных “менскіх пагадненьняў” Масква працягнула сваю агрэсію супраць Украіны, расейская армія абстрэльвае і атакуе ўкраінскія пазыцыі, гарады і вёскі, гінуць людзі. У сьвеце (і нават у самой Расеі) усё больш людзей разумеюць, што Крамлю патрэбная толькі агрэсія і вайна. Масква не зьбіраецца спыняцца на акупаваных тэрыторыях, агрэсар мае намер ісьці далей сваім разбуральным маршам. Але праблема ў тым, што першыя стадыі вайны супраць Украіны скончыліся для Расеі поўным правалам. Украінскае грамадзтва і армія не напалохаліся агрэсара, не пабеглі ўцякаць. З кожным днём ваенных дзеяньняў, нягледзячы на ахвяры і цяжкасьці, украінцы ваююць усё больш эфэктыўна. І самае галоўна – яны вераць у сваю перамогу і ведаюць, за што ваююць. Банды гіркіных-бесаў былі разгромлены і разьбягаюцца. Менавіта таму Расея пайшла на адкрытую (пакуль яшчэ лакальную) агрэсію супраць Украіны. Наперадзе яшчэ драматычныя падзеі.
Спыніць агрэсара можа толькі народная ўкраінская салідарнасьць грамадзян і міжнародная салідарнасьць вольналюбівых людзей. Беларусы не павінны застацца збоку, калі братні ўкраінскі народ апынуўся ў бядзе. Трэба паўсюль дэманстраваць нашу беларускую падтрымку справядлівай справе ўкраінскага змаганьня. І самае галоўнае – не дапусьціць зьдзяйсьненьня падступных планаў Масквы па ўцягваньню беларускай арміі ў каланіяльную вайну на баку імпэрцаў. Трэба тлумачыць беларускім вайскоўцам, што калі нават яны апынуцца на гэтай вайне з волі Масквы, то няхай адразу пераходзяць на бок украінцаў. За гэта ім будзе гонар і слава.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі аб тым, што зь цягам часу ўзьдзеяньне маскоўскай гёбэльсаўскай тэлепрапаганды становіцца ўсё меншым. Многія беларусы пачалі адэкватна ацэньваць падзеі і бачыць маскоўскую хлусьню. Сем’і хвалююца за сваіх сыноў, якія служаць. У той жа час на фоне гэтых падзей актывізавалася падстаўная псэўдаапазыцыя. Яе агентура ходзіць па кватэрах і агітуе за іхні “народны рэфэрэндум”. Бальшыня людзей ня хоча ўдзельнічаць у гэтай прафанацыі. Цікава, што тыя ж асобы пачалі рассылаць па адрэсах грамадзян расейскамоўныя матэр’ялы з заклікамі да “объединения всех славян во главе с А. Лукашенко в борьбе против Америки и возрождения былого величия”. Беларусы адэкватна ацанілі гэты чарговы дэмарш і высьмейваюць яго. Зразумела, што варожыя Беларусі сілы прыкладаюць усе намаганьні для таго, каб дэзарыентаваць наш народ, канчаткова заблытаць людзей, а потым пакарыстацца імі ў сваіх антычалавечых планах. Абавязак патрыётаў – даносіць да беларусаў праўду.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”