Агентура “пайшла ў народ”

8 верасня 2014 г.

Навіны

Апошнімі днямі па ўсіх гарадах Беларусі назіраецца павышаная актыўнасьць “сярэднестатыстычных грамадзян”. Гэта, як правіла, асобы, якія не займаюць кіраўнічых пасад, а існуюць у асяроддзі “масы працоўных”: бухгалтары, ахоўнікі ў крамах, рознага кшталту дзяжурныя і зьменныя. Ім ня трэба адмыслова зьбіраць вакол сябе аўдыторыю (як гэта трэба было б рабіць дырэктарам і загадчыкам), яны заўсёды там, дзе рухаюцца плыні людзей. Складваецца ўражаньне, што рэжым уключыў гэтых “сярэднестатыстычных” адначасова, апусканьнем нейкага цэнтралізаванага рубільніка. Праграма ў выканаўцаў запушчана адна і тая ж.

“Товарищи! Угроза миру ведь какая! У нас тихо, хорошо. А на Украине, смотрите, что творится! Ведь что творится! И вот теперь, если Америка даст украинцам оружие, то всё! В Европе будет война, во всей Европе, у нас тоже будет…”

Ну, і гэтак далей. Задача гэтых шаптуноў-крыкуноў зразумелая: перавярнуць усё ў галовах беларусаў. Апрацоўкі нашых людзей дустам з расейскіх тэлеканалаў Маскве і мясцоваму прамаскоўскаму рэжыму падалося мала. Канторская логіка вельмі простая – усё наадварот. Расея вядзе ваенную агрэсію супраць сувэрэннай Украіны, а вінаватая ва ўсім (казаць трэба) — Украіна. Масква зьбіраецца ўцягнуць Беларусь і наш народ у сваю брудную вайну, але вінаватая ва ўсім (казаць трэба) — Амэрыка.

Але ёсьць, безумоўна, выразная сувязь з рэчаіснасьцю ў факце мабілізацыі агентуры. У ЗША сапраўды вядуцца дыскусіі на вышэйшым узроўні пра неабходнасьць дапамагчы ахвяры ваеннай агрэсіі – Украіне – сучасным узбраеньнем. І можна зразумець панічны страх Крамля пры адной думцы аб тым, што Украінская армія атрымае гэтую зброю для абароны дзяржавы. Тады “груз 200” станецца папулярным таварам грузаперавозак з Данбаса ў Расею, і пэрспэктыва заваяваньня Украіны стане зусім туманнай.

Янка Базыль