(03.09. – 05.09.2014)
Маскве патрэбная вайна
3 верасьня 2014 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла, што Парашэнка размаўляў з Пуціным па тэлефоне і яны дамовіліся пра спыненьне агню на Данбасе.
Наш камэнтар: Эўрапейцы не ваявалі з Масквой. Першымі абверглі такую дамоўленасьць тэрарысты з “ДНР”, а потым і крамлёўская адміністрацыя. Маскве патрэбная вайна.
Юрка Марозаў
Нічога не зьмянілася
3 верасьня 2014 г. іспанская газэта “АВС” апублікавала зацемку і фота, прысьвечаныя 75-м угодкам пачатку ІІ Сусьветнай вайны. 3 верасьня 1939 г. Вялікая Брытанія і Францыя абвясьцілі вайну Нямеччыне ў падтрымку Польшчы. Немцы працягнулі наступ у Польшчы, прарываючы фронт на ўсіх участках.
Наш камэнтар: Палякі ўспрынялі зьвесткі з Захаду з аптымізмам. У Варшаве перад амбасадамі згаданых краін-хаўрусьніц адбыліся шматтысячныя дэманстрацыі падзякі. Людзі несьлі брытанскія і французкія сьцягі, некаторыя расчулена плакалі. Аказалася, аднак, што “ніхто не хацеў паміраць за Гданьск”. На заходнім фронце распачалася “дзіўная вайна” супраць Гітлера. Заходнія дэмакратыі нават не падтрымалі Польшчу бамбардоўкамі нямецкай тэрыторыі, скапленьняў войскаў, чыгункі і портаў. Абмежаваліся пустой “дэманстрацыяй намераў” і паціху здавалі Польшчу агрэсару. Усё было потым: акупацыя Францыі, бітва за Англію, шматлікія ахвяры і г.д. Вельмі падобную карціну мы назіраем зараз. Захад круціцца, баіцца шалёнага Пуціна, вельмі хацеў бы адкупіцца ад маскоўскага зьвера Украінай. Нічога, практычна, не зьмянілася.
Алесь Хадасевіч
Пустыя планы
5 верасьня 2014 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла, што экспэрты дзесяці краін (сярод іх ЗША, Францыя і Вялікая Брытанія) дамаўляюцца пра ўтварэньне антыджыхадзісцкай кааліцыі. Яны маюць намер дзейнічаць разам супраць “ісламскай дзяржавы” у Іраку.
Наш камэнтар: Мы прапанавалі б распачаць ім змаганьне супраць экстрэмістаў на ўласнай тэрыторыі. Да таго ж не дапускаць новых хваляў іміграцыі ў чалмах у свае краіны. Бяз гэтага ўсё застанецца пустой дэкларацыяй.
Алесь Хадасевіч
Арда будзе страляць
5 верасьня 2014 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла, што Пуцін і Парашэнка паразмаўлялі па тэлефоне і дамовіліся пра спыненьне агню на Данбасе. Пасьля гэтай размовы крамлёўская адміністрацыя ўдакладняла, што “Расея не зьяўляецца бокам у гэтым канфлікце”.
Наш камэнтар: Можа на Захадзе паверылі ў міралюбівы жэст Крамля. А постсавецкія народы разумеюць – Маскве патрэбная вайна, і маскоўская арда будзе страляць. Народам трэба прыкласьці намаганьні, каб гэтая вайна была апошняй для маскоўскай імпэрыі.
Юрка Марозаў
Эпізоды вайны
5 верасьня 2014 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” нагадвае аб тым, што публікавала роўна сто гадоў таму. 5 верасьня 1914 г. газэта напісала пра наступ нямецкай арміі на Парыж. На фота ў газэце: радасныя нямецкія жаўнеры махаюць рукамі з вокнаў вагонаў. На вагоне надпіс крэйдай: “Зь Мюнхена на Парыж”.
Наш камэнтар: Немцы меркавалі захапіць Парыж праз лічаныя дні пасьля пачатку вайны. Французкая армія панесла вялікія страты і імкліва адступала. Не было кім прыкрыць цэлыя ўчасткі фронту. Так пачыналася бітва на рацэ Марне ў верасьні 1914 года. Але французкі народ мабілізаваўся на змаганьне і ня ўпаў у паніку. Тады адбыўся адзін з кур’ёзных эпізодаў той вайны. У самы крытычны момант парыжскія таксісты на сваіх аўтамабілях перавезьлі з Парыжа на фронт на Марне 6,5 тысячаў жаўнераў і афіцэраў. Была арганізавана абарона сталіцы. Немцаў спынілі і адкінулі ад Парыжа. Было яшчэ раз даказана, што перамагае той, хто арганізоўвае супраціў і змагаецца супраць ворага.
Алесь Хадасевіч
**Абое рабое ** 5 верасьня 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала з Урала. У Екацерынбурзе вучням школы раздалі дзёньнікі з выявамі і апісаньнем розных гістарычных падзей на кожнай старонцы. На адной са старонак ёсьць партрэт і бяграфія Адольфа Гітлера. Гітлерскі дзёньнік быў надрукаваны ў Смаленску, але фірмай, якая месьціцца ў Растове-на-Доне. Бацькі ўшчалі пратэст.
Наш камэнтар: Беларусаў не зьдзіўляе гэты факт. Сымвалічна гучыць імя горада Растова – галоўнай базы цяперашняга маскоўскага нашэсьця на Украіну. Калі ў Расеі славяць свайго Сталіна, то чаму б не ўславіць і нямецкага фюрэра? Абое рабое – фашызм.
Юрка Марозаў