(31.08. – 01.09.2014)
Подлая нямецкая гульня
31 жніўня 2014 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” напісала пра пастаўкі Нямеччынай супрацьтанкавых ракет, кулямётаў і бранетэхнікі для курдаў у Паўночным Іраку. Артыкул называецца “Табу парушанае: нямецкія ракеты для курдаў”.
Наш камэнтар: Як вядома, для Украіны ў немцаў ніякае “табу” не парушанае. Берлін адназначна заявіў, што дапамагаць украінцам зброяй ня будзе і іншым у Эўропе не дазволіць. Зразумела, што спрацоўвае даўняя дамоўленасьць Берліна і Масквы пра падзел сфэраў валадараньня ў Эўропе: Украіну і Беларусь немцы аддалі Маскве. Подлая палітычная гульня працягваецца.
Юрка Марозаў
Хочуць дапамагчы
1 верасьня 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” паведаміла, што шэраг палітыкаў, рэспубліканцаў і дэмакратаў, ціснуць на амэрыканскі ўрад і яго хаўрусьнікаў, каб была пасланая зброя ўкраінскаму ўраду. Заклік падтрымліваюць многія сэнатары. Начале кампаніі стаіць вядомы сэнтар Маккэйн.
Наш камэнтар: Падобна, што гэтыя людзі добра разумеюць, што калі цяпер не дапамагчы Украіне зброяй, то ў блізкай будучыні трэба будзе пасылаць амэрыканскіх жаўнераў у эўрапейскі балаган, каб у чарговы раз спыняць агрэсара. Як гэта было падчас дзьвюх сусьветных войн.
Алесь Хадасевіч
Усё, як у Гітлера…
1 верасьня 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул, прысьвечаны 75-м угодкам пачатку ІІ Сусьветнай вайны. На фотаздымках ў газэце нямецкія жаўнеры ламаюць памежны шлагбаўм з польскай дзяржаўнай сымволікай, страляе па Вэстэрплятэ нямецкі крэйсэр…
Наш камэнтар: Лубянская Расея адзначыла ўгодкі па-свойму: адкрытым уварваньнем ва Украіну. Сцэны паўтараюцца: бамбардоўкі, абстрэлы, атакі аўтарства арміі РФ. І ўсё гэта “дзеля міру і парадку”, усё, як у Гітлера…
Юрка Марозаў
Так думаюць мільёны людзей
1 верасьня 2014 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала інтэрв’ю з Вірай Сашчанкай, сястрой украінскай лётчыцы, якая знаходзіцца ў расейскім палоне. Сястра гераіні прызналася, што “раней шанавала Расею, а цяпер ненавідзіць”.
Наш камэнтар: Так думаюць мільёны людзей, і ня толькі ва Украіне.
Юрка Марозаў
Расейскі наступ
1 верасьня румынская газэта “Evenimentul Zilei” пісала пра вайну ва Украіне. Украінскае камандваньне паведаміла, што ўкраінскія дэсантнікі пакінулі аэрапорт Луганска, дзе яны апошнімі днямі змагаліся супраць расейскіх танкаў. Міністар МЗС РФ Лаўроў заявіў: “Ва Украіне няма расейскіх войскаў”.
Наш камэнтар: Нават Гітлер быў больш шчырым у выказваньнях.
Алесь Хадасевіч