“Мы маем Лукашэнку…”

3 верасня 2014 г.

Навіны

Як вядома, саміт у Менску на тэму вайны ва Украіне скончыўся адкрытым уварваньнем расейскмх вайсковых аддзелаў на Украіну і актывізацыяй расейскай агрэсіі. Масква ўжо ня надта хавае, што яе рэгулярныя часткі, артылерыя, танкі і самалёты вядуць баявыя дзеяньні супраць Украіны, але, па звычаю свайму, усё яшчэ хлусіць. Усе здольныя на думаньне беларусы пра гэта ўжо здагадаліся. А “белрэдакцыя” Радыё Свабода думае, відаць, што не здагадаліся, і выпусьціла наперад вядомага Ю. Дракахруста, а той назапрашаў у перадачу 31 жніўня (“Да чаго зараз апазыцыі варта заклікаць беларусаў?”) сваіх звычайных “экспэртаў”. Яны нагаварылі шэраг цікавага, цытуем:

Рэдактар інтэрнэт-часопіса “Идея” Р. Астапеня: “…безумоўна, вялікая частка дэмакратычных актывістаў цешыцца тым, што мы маем Лукашэнку, які здатны абараніць беларускую незалежнасьць, ён на сёньняшні дзень найбольш здатны да гэтага беларускі палітык. Я думаю, што трэба з большай пашанай ставіцца да сёньняшніх абмежаваньняў і лімітаў і казаць не пра тое, што мы хочам у Эўропу, але пра тое, што мы хочам мець нармальныя дачыненьні з Эўропай, як мы маем, напрыклад, з Расеяй. Замест Плошчы, напрыклад, магчыма, ёсьць сэнс сканцэнтравацца на назіраньні за выбарамі і займацца тым, каб данесьці пасьля выбараў вынікі гэтых назіраньняў, бо большасьць беларусаў усё адно яшчэ лічаць, што вынікі выбараў не фальсыфікуюцца… Сёньня сапраўды Лукашэнка можа перамагаць зь мінімальным ростам эканомікі. Гэта зьяўляецца ягоным інтарэсам, каб эканоміка расла такім чынам. Небясьпека для Лукашэнкі палягае ў тым, каб беларусы ня сталі занадта багатымі. Калі яны стануць багатымі, у іх вырастуць патрэбы. Тады Лукашэнка можа аказацца неадпаведным высокім стандартам беларусаў. А эканамічны рост на ўзроўні 1% забясьпечвае, што патрэбы беларусаў застаюцца на сярэднім альбо нізкім узроўні. Таму Лукашэнка цалкам адпавядае ім як палітык”.

Сацыёлаг Т. Чыжова: “Мы бачым, што асабісты рэйтынг Лукашэнкі вырас. Думаю, што вырас і рэйтынг ягонага дзяржаўнага курсу. Што мы маем цяпер з боку нашых палітычных апазыцыйных сілаў? Гэта фактычна дыскурс пачатку 90-х гадоў, толькі крыху разбаўлены праэўрапейскай рыторыкай — абстрактны рынак плюс абстрактная дэмакратыя”.

З аглядальніка БелаПАН А. Шрайбмана аказалася цяжка выбраць цытату, гэта такая роўная плынь кан’юнктурнай банальнасьці.

Ніколі раней мы пра гэтых “экспэртаў” ня чулі . На фотаздымках на сайце РС бычна, што “экспэрты” маюць узрост дыпломнікаў ВНУ. Ну, можа крыху старэйшыя. І вось гэтыя маладыя людзі ўжо такія “мацёрыя” тэарэтызатары на ніве лукашызма і апазыцыянізма. Сфармавалася пакаленьне лукашызму! Трэба прызнаць, што руціна пераліваньня з пустога ў парожняе даведзена імі да пэўных вышынь. Словаблуддзе вельмі “крутое”. Гэта ж трэба так навучыцца гаманець і не дапусьціць ніводнага жывога слова! Хаця ў тытуле тэксту пададзенае пытаньне наконт закліку, так і не сказана ў адкрытую, адназначна, да чаго яны заклікаюць ці што канстатуюць. У скаламучаным наборы словаў выпадае асадак: «мы маем Лукашэнку», “Лукашэнка здатны абараніць беларускую незалежнасьць”, “абстрактны рынак плюс абстрактная дэмакратыя”, “ісьці на выбары”…

Навучыліся, канальі, муціць людзям у галовах. Толькі вось што, у беларускіх галовах ужо выпрацоўваецца трывалы імунітэт да гэтай каламуці. Марныя намаганьні імітатараў палітычнай думкі.

Сымон Рудзік