Расейскі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Барыс Акунін (Рыгор Чхарцішвілі) мяркуе, што Расея зараз праходзіць выпрабаваньні нават больш цяжкія, чымсьці тыя, празь якія праходзіць Україна.
Пра гэта ён напісаў у сваім блогу у Live Journal.
“Я хаджу зараз па маскоўскіх вуліцах, гляджу на людзей, чую абрыўкі размоваў (дача, першае верасьня), і накатвае жах. Ня бачаць, ня хочуць ведаць, не задумваюцца… Але сьлепата, бяздумнасьць і абыякавасьць у такія моманты гісторыі дорага каштуюць. Маю краіну чакаюць цяжкія выпрабаваньні. Мабыць, нават больш цяжкія, чымсьці тыя, празь якія праходзіць цяпер Україна”, — зазначыў пісьменьнік.
Пісьменьнік дадаў, што эміграваць з Расеі не зьбіраецца, аднак плануе большую частку часу праводзіць па-за яе межамі.
“З пуцінскай Расеяй ў мяне няма кропак дакрананьня, мне чужое тут усё. І знаходзіцца тут у пэрыяд ўсеагульнага памутненьня розуму мне стала цяжка. Таму эміграваць я, зразумела, ня маю намеру, але асноўную частку часу, балазе, пачну праводзіць за межамі. Цьвярозаму зь п’янымі ў адным доме няёмка. Буду пэрыядычна наведваць – глядзець, ці канчаецца запой”, — заявіў Барыс Акунін.
1.09.2014
Пераклад з расейскай.