Расейскія праваабарончыя арганізацыі штодня атрымліваюць усё больш паведамленьняў ад бацькоў жаўнераў Узброеных сілаў РФ, якія хвалююцца за сваіх дзяцей, піша РБК .
Па словах адказнага сакратара Саюза камітэтаў жаўнерскіх маці Валянціны Мельнікавай, ад пачатку тыдня ў камітэт пачалі паступаць “ускосныя скаргі бацькоў жаўнераў тэрміновай службы з усяе Расеі”, якім сыны кажуць, што іх абяцаюць “накіраваць у Луганск”.
Мельнікава прывяла прыклад зь гісторыяй жыхаркі Магнітагорска Алены Касачэнкі. 19-гадовага сына Касачэнкі Віталя Каровіна, які праходзіў тэрміновую службу ў Разанскай вобласьці, на прыканцы ліпеня перавялі ў вайсковую частку паблізу пасёлка Гукава Растоўскай вобласьці.
“26 жніўня Віталь патэлефанаваў маці і, паводле яе словаў, сказаў, што іхны камандзёр “сабраў 50 тэрміноўшчыкаў і сказаў: “Цяпер вы ўсе ў мяне кантрактнікі. Калі не падпішаце паперы, я сам усё за вас падпішу”. 24 жніўня, пераконвае Касачэнка, яе сын таксама зьвязваўся зь ёю і паведаміў, што “ва ўсіх адабралі біркі і нумаркі на выпадак зьнікненьня бязь вестак альбо сьмерці”. Цяпер яна баіцца, што яе сына “накіруюць ваяваць ва Украіну”, — піша выданьне.
Член прэзыдэнцкага савета па правах чалавека Сяргей Крывенка паведаміў, што ў савет паступаюць паведамленьні ад бацькоў кантрактнікаў і тэрміноўшчыкаў, якіх накіравалі на вучэньні ў Растоўскую вобласьць. Сямейнікі вайскоўцаў баяцца, што жаўнераў маглі перакінуць ва Украіну.
“Ёсьць заявы з Кубані, Дагестана, Астрахані. Пакуль няма зваротаў з Масквы, але ёсьць з Санкт-Пецярбурга”, — удакладніў праваабаронца.
Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Эла Памфілава заявіла, што пакуль ня будзе рабіць ніякіх заяваў па сытуацыі з загінуўшымі ва Украіне расейскімі вайскоўцамі.
28.08.2014
Пераклад з расейскай.