Ковенская правінцыйная “аналітыка”

27 жніўня 2014 г.

Навіны

19 жніўня 2014 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала вялікі (можна сказаць, праграмны) артыкул пад тытулам “Беларусь – пасрэднік паміж Эўропай і Расеяй”. У некалькіх пазыцыях аналітык В. Бержунас аналізуе палітычныя і эканамічныя працэсы ў Беларусі на розных этапах з 1991 года. Ён называе Лукашэнку “беларускім лідэрам”. Ён пераказвае вядомыя дадзеныя пра заключаныя паміж РБ і РФ дамовы, згадвае, што Астравецкая АЭС “будуецца на расейскія грошы і будзе азначаць большую энэргетычную незалежнасьць Беларусі” і т. п. рэжымную прапаганду. Самае цікавае ў фінале тэкста. Цытуем:

“На фоне украінскага крызісу А. Лукашэнка не прадэманстраваў падтрымкі ніводнаму з канфліктуючых бакоў. Наадварот, падкрэсьліў важнасьць двухбаковых беларуска-украінскіх адносінаў. Акрамя таго, у адрозьненьні ад расейскай улады, ён не спыніў дыялог з афіцыйным Кіевам, нават калі там уладу пераняў часовы ўрад”. (Канец цытаваньня).

Далей ідзе “аналіз” таго, як “беларускі лідэр Лукашэнка” абяцаў не перапрадаваць польскія яблыкі ў Расею і як ён папрасіў Пуціна не рабіць транзіт заходніх прадуктаў праз Беларусь.

Калі б такую “аналітыку” выдавала, скажам, газэта “Papuas News” або тэлебачаньне Зімбабвэ, то мы б толькі пасьмяяліся б над экзатычнымі арыгіналамі. Але йдзецца пра глыбокадумную канцэптуальнасьць у суседняй краіне, у выданьні з гістарычнай сталіцы Летувы. Для іх і начальнік рэжыму не ўзурпатар, а «лідэр», і нават Астравецкая АЭС (пад бокам у Летувы) – трыюмф энэрганезалежнасьці Беларусі (на расейскія, праўда, грошы).

Але мы пра самае галоўнае – тое, што на фоне згаданага «ўкраінскага крызісу». Ковенскі Казьмас Прутковас фармулюе проста і не міргнуўшы вокам: “Лукашэнка не прадэманстраваў падтрымкі” і ўсё. Чым не крылаты сказ? Ковенскі Прутковас, як бачна, уважліва глядзіць БТ. Ён – пастаянны кліент інфармацыйнай прасторы акупанцкага афіцыёзу, куды ўжо брыдка сунуць носа здольным на думаньне беларусам. Скуль яму, беднаму, ведаць тое, што ведаюць менскія і баранавіцкія дачнікі? А менавіта пра шыхты сучасьнейшых расейскіх ваенных самалётаў, якія пралятаюць над іхнімі галовамі і штодня цемрай адпрацоўваюць тактыку паветранага бою, бамбардоўкі, атакі? Прутковас ня ведае пра напампоўваньне Беларусі расейскай ваеннай тэхнікай і жывой сілай, пра пагрозу інвазіі на Украіну зь беларускай тэрыторыі (а пра гэта ўжо публічна паведамлялі ўлады Украіны і грымела Сеціва). Ён ня ведае самае пікантнае, што ўсё гэта Масква вырабляе на нашай тэрыторыі нават не спытаўшы дазволу ў “лідэра”.

Узровень гэтай “аналітыкі” – халява студэнта-двоечніка, які “перакатвае” шпаргалкі з даступнага матэр’яла. Самае цікавае, што гэтай “аналітыкай” могуць на поўным сур’ёзе карыстацца палітычныя колы Летувы. Хаця ім не прывыкаць. Паглядзець хаця б на тое, як яны сустракаюцца і “абмяркоўваюць сытуацыю вакол дэмакратыі” з падстаўной псэўдаапазыцыяй РБ у Вільні і Менску. І гэта ў той самы час, калі маскоўскі дзеяч Жырыноўскіс і іншыя ў адкрытую заклікаюць да акупацыі Балтыі сіламі адной дывізіі. Жырыноўскіс памятае, як было ў 1940-м годзе. А гэтыя забыліся. Вось як бывае.

Сяргей Камароўскі