Анэкдот дня: рэанімацыя палітрука

27 жніўня 2014 г.

Навіны

23 жніўня “белрэдакцыя” Радыё Свабода рэанімавала аднаго падзабытага пэрсанажа. Маецца на ўвазе артыкул з выказваньнямі савецкага палітработніка-падпалкоўніка І. Кузняцова. Даўненька яго не выстаўлялі на старонцы РС (а некалі ён ня злазіў адтуль, абвясьціўшы сябе галоўным аўтарытэтам па сталінскіх рэпрэсіях). Але вось за сваю антыбеларускую, шкодніцкую дзейнасьць у Курапатах (разам зь іншымі прафанатарамі народнай памяці) сапраўдныя абаронцы Курапатаў абвясьцілі яго персонай нон грата на тэрыторыі сьвятыняў, дзе ёсьць парэшткі беларускіх пакутнікаў (адбылося гэта 4 лістапада 2012 г.). Да таго ж стала вядома, што тав. Кузняцоў камфортна вядзе курсы па арганізацыі аховы консульскай службы (гэта ёсьць парафія КГБ) у БДУ і ў той жа час рэгулярна падае сябе ў амплуа дысыдэнта (“меня могут выгнать с работы”). Людзі ўспомнілі, што гэтага “дысыдэнта” імпартавалі ў Менск з далёкай Сібіры (г. Томск) у 1993 годзе. Гэта ж якая патрэба ўзьнікла ў гэтым кадры! А летась на ўсю інфармацыйную прастору тав. Кузняцоў быў абвешчаны плагіятарам. Злавіў яго за руку шырока вядомы расейскі гісторык Марк Салонін, тэксты якога “перадзіраў” тав. Кузняцоў. Публіка пачала сьмяяцца, паказваць на “дысыдэнта” пальцам. Начальства яго на даволі доўгі час схавала ў загашнік. Прафанатарстваваць у Курапаты пачалі падсылаць іншых асобаў.

І вось табе на, саманазваны класік зноў выказваецца пра Курапаты, сталіншчыну і беларускія ахвяры. Сярод словаблуддзя запамінаецца наступнае, цытуем на мове арыгіналу (палітрук ня ўмее па-беларуску):

“Я всегда говорю: неважно, сколько было расстреляно – 35 тысяч или 350” (Канец цытаты).

Яму, бачыце, “не важно”. Вядома, што такое важна для кожнага гісторыка (прафэсійнага і сумленнага). Для высьвятленьня дакладных лічбаў, дакладнага стану даўніх падзей і існуе дакладная навука гісторыя. Зразумела, што місія палітрука-падпалкоўніка ў Беларусі ня мае нічога агульнага з гістарычнай навукай. У яго заданьні зусім зь іншага ведамства.

Але дзень быў адмысловы – 23 жніўня – прызнаны Міжнародным днём памяці ахвяраў фашызма і сталінізма. Вось пад гэтую дату РС і падсунула беларусам зноў гэтага «спэца».

Сяргей Камароўскі