(23.08. – 24.08.2014)
25-я ўгодкі “Балтыйскага шляху”
23 жніўня 2014 г. латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул, прысьвечаны 25-м угодкам “Балтыйскага шляху”. 23 жніўня 1989 г. народы трох балтыйскіх рэспублік адзначылі 50-годдзе заключэньня пакту Молатава-Рыбэнтропа, у выніку якога СССР і Нямеччына падзялілі сфэры ўплыву ў Эўропе. Тысячы людзей ўзяліся за рукі і сталі ў ланцуг даўжынёй у 600 кілёмэтраў. Дэвізам акцыі было “За волю – вашу і нашу! За павагу да правоў і самавызначэньня нацый, да роднай мовы і роднай зямлі”. СССР афіцыйна прызнаў наяўнасьць пак ту Молатава-Рыбэнтропа і яго таемнага пратакола, а 24 сьнежня 1989 г. абвясьціў, што ён страціў сілу.
Наш камэнтар: Вядома, што прызнаньне пакту з Гітлерам і пазбаўленьне яго сілы (ажно праз 50 гадоў пасьля факту) ня выратавала маскоўска-фашыстоўскі Райх. Праз паўтара гады адбыўся яго паўраспад.
Юрка Марозаў
Цяпер яны «наработают»
23 жніўня 2014 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея можа стацца самадастатковай. І такі вынік могуць мець санкцыі”. Цытуюцца расейскія алігархі і бізнэсоўцы, якія распавядаюць на прэс-канфэрэнцыях у Маскве пра тое, які будзе штуршок для разьвіцьця расейскай эканомікі і сельскай гаспадаркі ў выніку заходніх забаронаў на ўвоз прадукцыі і санкцый Масквы ў адказ. “Мы маем прастору для павышэньня прадукцыі. Канкурэнцыя аслабне, мы будзем разьвівацца. Мы чакаем фэнамэнальных вынікаў ва ўсіх вобласьцях прадпрымальніцтва”, — сказаў гендырэктар мясной супольнасьці “РосАгро” Максім Басаў.
Наш камэнтар: Пра “павышэньне прадукцыі” і “самадастатковасьць” Расеі ёсьць вядомыя гістарычныя факты: катастрофы Галадамору, ленінградзкай Блакады, карткавыя сістэмы і абсурдныя дэфіцыты праз дзесяцігоддзі пасьля заканчэньня вайны. Зразумела, што алігархаў гэта ня будзе тычыцца.
Алесь Хадасевіч
Цёмныя тыпы з Reuters
23 жніўня 2014 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” спасылаецца на паведамленьні карэспандэнта Reuters, які сядзіць на пункце пропуску, што на расейска-украінскай мяжы. Ён паведаміў, што пяць аўтамабіляў з расейскага гуманітарнага канвою вярнуліся з Украіны назад у Расею. Каля 220 аўтамашын заехалі без дазволу ва Украіну.
Наш камэнтар: Цікава пачытаць. “Карэспандэнт сядзіць на пункце пропуску” і ажно “пяць машын вярнуліся назад у Расею”. За тыя ганарары, што плоцяць у Reuters, яго карэспандэнты павінны былі б па-пластунску высьветліць для чытаючай публікі, што выгружаюць з гэтых 220 фураў. А яны сэнсацыйна пішуць пра пяць фураў, што вярнуліся. Хаця, калі меркаваць па Беларусі, то ў нас Reuters заўсёды абслугоўвалі нейкія недалёкія і падстаўныя журналісты, якія дзейнічаюць праз Маскву (нават ня ведаюць ніводнай замежнай мовы). Падобна, што й задача перад імі стаіць адна агульная – маскоўская.
Алесь Хадасевіч
Шапкі-патэльні
24 жніўня 2014 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала пра вайсковы парад на Дзень Незалежнасьці Украіны. У сваім выступе прэзыдэнт Парашэнка сказаў, што Україна вядзе Айчынную вайну за незалежнасьць. Ён таксама заявіў, што Дзень Абаронцы Айчыны нельга сьвяткаваць паводле календара суседняй дзяржавы.
Наш камэнтар: Аказалася, што ўсе 23 гады незалежнага існаваньня Україна лічыла афіцыйным сьвятам Абаронцы Айчыны фальшывую дату 23 лютага, усталяваную яшчэ Сталіным. Тое самае мы назіраем у нашай Беларусі. Так ня можа быць. На фотаздымках побач з Парашэнкам стаяць украінскія генэралы. Іхнія ўніформы – копія савецка-расейскіх фуражак-патэльняў, дурацкіх рэмняў з “залатым” шыцьцём, бліскучых гузікаў-блях. Тое самае ў нашай Беларусі. Ня будзе новай, сапраўды нацыянальнай арміі, пакуль зь яе ня будзе выветраны савецкі дух, выдаленыя савецкія формы існаваньня, гнілая маскоўска-ардынская традыцыя.
Юрка Марозаў
«Глыбокія сьляды» ў Швайцарыі
24 жніўня 2014 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра гістарычную выставу, што адкрылася ў Базэлі. Выстава прысьвечана Швайцарыі падчас Вялікай сусьветнай вайны 1914-18 гг. Газэта зазначыла, што вайна “пакінула ў краіне глыбокія сьляды”. На выставе распавядаецца пра абмежаваньне продажу пэўных тавараў, пра намаганьні ўраду захаваць нэўтралітэт і г.д.
Наш камэнтар: Аказваецца, і ў Швайцарыі ёсьць “глыбокія сьляды”… Хто б мог падумаць! Паводле газэтнай публікацыі можна меркаваць, што на выставе не адлюстраванае тое, што ўразіла многіх сумленных людзей у самой Швайцарыі і ў Эўропе – а менавіта расперазаны геданізм бальшыні швайцарскага грамадзтва ў 1914-18 гг. (а потым зноў у 1939-45 гг.). Вялікі французкі пісьменьнік Рамэн Ралан акрэсьліў сваю пазыцыю падчас вайны як існаваньне “па-над бойкай”. Ён пасяліўся ў Швайцарыі і прыклаў усе намаганьні, выкарыстаў свой аўтарытэт, грошы і кантакты для наладжваньня важнай гуманітарнай справы: арганізацыі паштовай службы, якая праз нэўральныя краіны зьвязала краіны ў стане вайны. Дзякуючы гэтай пошце тысячы і тысячы людзей даведаліся пра лёс сваіх блізкіх на фронце, у палоне, у бежанстве. У той жа час Ралана ўразіла весялосьць публікі ў швайцарскіх Альпах. Як яны лётаюць на лыжах, куляюцца ў сьнезе, бесклапотна забаўляюцца на фоне страшнай эўрапейскай вайны. Цяпер мы назіраем вельмі падобную карціну ў сучаснай Эўропе, якая апантана імкнецца зрабіць выгляд, што агрэсія Масквы супраць Украіны яе ня тычыцца. Мільёнам людзей так хацелася б, ды не атрымаецца.
Алесь Хадасевіч
Марадзёры
23 жніўня 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла пра заяву кіраўніцтва Украіны. Яно пратэстуе супраць вывазу ў Расею абсталяваньня ваенных заводаў, што ў Луганску. Расейцы выкарыстоўваюць для гэтага свае фуры з “гуманітарнага канвоя”.
Наш камэнтар: Дзікая маскоўская арда ўвалілася на тэрыторыю Украіны, трызвонячы на ўвесь сьвет, што гэта “гуманітарны канвой”. Калі было прадэманстравана, што фуры практычна пустыя, мільёны людзей сьмяяліся і называлі расейцаў ідыётамі. А Расея не сьмяялася, яна пачала рабаваць багацьці на акупаванай тэрыторыі. Жудасная ардынская традыцыя. Так яны робяць і будуць рабіць на ўсіх захопленых тэрыторыях. Народы павінны бараніцца ад маскоўскай агрэсіі.
Юрка Марозаў