За што ваююць расейская армія і маскоўскія банды

27 жніўня 2014 г.

Навіны

Не разважаючы глабальна пра агульна вядомы стан рэчаў у Расеі, можна абмежавацца адной лакальнай ілюстрацыяй. Днямі Краснадарскі гаркам камуністычнай партыі Расеі афіцыйна абвінаваціў ўлады Краснадара і мэра горада ў тым, што тыя падтрымліваюць украінскія ўлады. Зачэпкай стала забарона мясцовых уладаў на правядзеньне масавых акцый “у падтрымку жыхароў Наваросіі” і “у абарону генсека Зюганава ад перасьледу кіеўскай хунты”. Справа ў тым, што 5 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіева прыняў рашэньне аб прывадзе ў суд і арышце міністра абароны Расеі Шайгу, расейскага бізнэсоўца Малафеева і дэпутатаў Дзярждумы РФ Жырыноўскага, Зюганава і Міронава.

Можна зразумець краснадарскія ўлады. Яны кемяць, што рэгіён знаходзіцца ў прыфрантавой паласе, ім трэба захаваць мінімальны спакой. А камунякі за сваё. Яны пачалі распаўсюджваць плакацікі з выявай свайго генсека Зюганава ў вобразе Ільлі Мурамца, які бароніць “Наваросію” ад “кіеўскай хунты” і ЗША. Мастацка-вобразнае рашэньне даволі пацешнае як на драматычную сытуацыю.

Вось за гэтую бальшавіцкую пацеху, гэбоўскую імпэрыю, злачынны крамлёўскі алігархат і ваююць расейская армія і маскоўскія банды “сэпаратыстаў”.

Ян Булыга