У крамлёўскім санкцыянары

18 августа 2014 г.

Навіны

Выступаючы на сустрэчы з дэпутатамі Дзяржаўнай думы ў Ялце, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што харчовыя антысанкцыі накіраваныя ня столькі супраць заходніх краін, колькі на падтрымку айчыннага вытворцы. Увечары таго ж дня стала вядома імя гэтага вытворцы – Дзяржрэзэрв. Менавіта адсюль віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч мае намер чарпаць прадукты, якіх не стае расейцам. Адначасова расейскі ўрад зьбіраецца адмовіцца ад забароны на тавары для алергікаў і дыябэтыкаў – аказалася, што магутны айчынны вытворца проста ня мае магчымасьці забясьпечыць людзей, якія церпяць на гэтыя захворваньні, а ў Дзяржрэзэрве прадуктаў для алергікаў не прадугледжана. Бо Дзяржрэзэрв – ён жа для вайны, не для шаленства ў мірны час.

Уладзімір Пуцін зь ягонымі харчовымі ўказамі ўсё больш падобны на унтэр-афіцэрскую ўдаву. Спачатку ён на працягу амаль 15 гадоў ствараў эканоміку, занятую выключна абменам нафтадаляраў на тавары, — і калі канчаткова разбурыў усё, што магло вытвараць хаця б нешта непадобнае на нафту, вырашыў ад гэтых тавараў адмовіцца. Прычым тое, як гэта было зроблена – імкліва, без уліку думкі і асаблівасьцяў рэгіёнаў, без кансультацый зь несапраўднымі сябрамі па Мытным зьвязе, — прадэманстравала яшчэ адну асаблівасьць пуцінскага рэжыму – некампэтэнтнасьць, узьведзеную ў доблесьць. З улады так доўга і так упарта вымывалі прафэсіяналаў, што яна ператварылася ў маёмасьць людзей, у прынцыпе ня здольных памножыць два на два і атрымаць слушны вынік.

Ну скажыце, нават калі вы надумалі адпомсьціць эўрапейцам, хіба вы ня можаце спачатку пралічыць рэальныя наступствы для харчовага рынку і падлічыць, які адсотак айчынных вытворцаў сядзіць на імпартнай сыравіне? Хіба вы ня можаце атрымаць даведку, якая пераканае вас, што без паставак насеньня загнецца зерневодства, а без малькоў – рыбная прамысловасьць? Хіба ў вашай краіне няма міністэрства аховы здароўя, якое патлумачыць вам, колькі пацыентаў – алергікаў і дыябэтыкаў – залежыць ад імпартных прадуктаў, ад безлактознага малака, соевых ёгуртаў і іншых пардметаў жыцьцёвай неабходнасьці?

Хіба трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб зразумець наступствы харчовых антысанкцый для аддзеленай ад Расеі дзяржаўнымі межамі Калінінградзкай вобласьці, якую Пуцін аўтаматычна ператварыў у рэгіён сацыяльнай напружанасьці? Хіба не зразумела, што без узгадненьня санкцый з краінамі Мытнага зьвязу – і пры адсутнасьці мытных межаў зь Беларусьсю і Казахстанам – забароненыя тавары проста становяцца маёмасьцю кантрабандыстаў? І калі адпаведныя службы рыхтуюць для прэзыдэнта ўказ, які ён бяздумна падпісвае, то акрамя некампэтэнтнасьці чым можна патлумачыць прынятыя рашэньні?

Балазе, я ведаю чым: сквапнасьцю. Пуцін стаіць начале чыноўніцкай камарыльі, якая свайго ня ўпусьціць. І для гэтай камарыльі забараняць значыць жыць. Можна ўявіць сябе, якія магчымасьці адкрыюцца для новага хабару ад тых, хто будзе атрымліваць дазвол на ўвоз забароненага. Як кантрабандысты, што пастаўляюць на расейскі рынак тавары “зь Беларусі”, будуць падзяляцца на злачынцаў, якіх будуць адлоўліваць сьмельчакі з “Маладой гвардыі”, “Едіной Россіі” і іншых аб’яднаньняў-пачвараў, што падрастаюць, — і герояў нябачнага фронту, якія забясьпечваюць рынак усім неабходным у тры разы даражэй і заносяць частку прыбытку ў Крэмль і Белы дом.

Не, Пуцін ўсё ж не ўнтэр-афіцэрскі ўдавец. Ён бліскучы гэшэфтмахэр. Што для рускага сьмерць, для Пуціна бізнэс. І вучыць расейскага прэзыдэнта кемлівасьці-розуму ўсяроўна што вучыць бізнэсу старэчу з старога габрэйскага анэкдота пра двух жабракоў, якія “робяць камэрцыю” на царкоўным ганку. Тое, чаму Пуцін сапраўды навучыўся за гады свайго прэзыдэнцтва, дык гэта рабіць камэрцыю. І вельмі можа быць, што антысанкцыі, над якімі сёньня не кпіць толькі лентух, дапамогуць казачна разбагацець яшчэ якім-небудзь прэзыдэнцкім сябрам.

А расейцы перажывуць і без харчоў. Яны прывычныя.

Віталь Портнікаў

15.08.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://grani.ru/opinion/portnikov/m.232078.html

Віталь Портнікаў – украінскі журналіст.