Анэкдот дня: “кандыдаты” і “фаварыты”

18 жніўня 2014 г.

Навіны

“ДэмСМІ РБ” паведамілі нам пра сэнсацыйныя падзеі ў сьвецкім жыцьці псэўдаапазыцыі. Падзея першая. Цытуем з “Нашай Нівы”:

“Апазыцыйныя палітычныя сілы працягваюць пошук магчымых кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары 2015 года. Сярод патэнцыйных прэтэндэнтаў зьявілася прозьвішча 51-гадовага філолага Алены Анісім. Яе кандыдатуру гатовая падтрымаць Рада беларускай інтэлігенцыі. “Самай галоўнай задачай зьяўляецца кансалідацыя ўсіх патрыятычных сілаў”, — кажа спадарыня Алена”. (Канец цытаваньня).

Пра тое, што ў акупаванай Беларусі няма і пад прамаскоўскім рэжымам ня можа быць выбараў (а можа быць толькі фарс), даўно здагадаліся мільёны пэнсіянэраў, калгасьнікаў, рабочых, студэнтаў і г.д. Пра гэта “не здагадаліся” толькі тыя, хто на поўным сур’ёзе выстаўляе сябе ў амплуа нацыянальнай інтэлектуальнай эліты. Мы памятаем, як сапраўды змагарная польская інтэлігенцыя аб’ядналася ў прадстаўнічую арганізацыю KOR (Komitet Obrony Robotników). Гэтыя людзі высокага інтэлекту не прэтэндавалі на элітнае амплуа, а ахвяраваліся дзеля абароны рабочых, якія патрапілі пад камуністычныя рэпрэсіі. Потым з гэтага пачыну выйшла “Салідарнасьць” і іншыя антыкамуністычныя арганізацыі, якія ўрэшце перамаглі камуну. А што выйшла зь мясцовай “рады інтэлігенцыі”? Толькі пшык ды дэманстрацыйны ўдзел ва ўсіх псэўдаапазыцыйных спэктаклях.

Што да сп. Анісім, то лепш ёй не фатаграфавацца ў мантыі прэзыдэнцкай кандыдаткі. Кіраўніцтва ТБМ давяло гэтую некалі моцную нацыянальную арганізацыю да кепскага стану. Сядзелі б ужо ціха.

Падзея другая. Нам паведамілі, што букмэкэрскія стаўкі растуць. Стаўкі на Нобэлеўскую прэмію. У чарговы раз заяўлена, што А. Бяляцкі і С. Алексіевіч зьяўляюцца “фаварытамі” нейкай гонкі за Нобэлям, абагналі нават японца Муракамі. А пра мінулы год “дэмСМІ” празрыста намякнулі, што названыя асобы “былі ў кроку ад прэміі”. А што, раптам гэтым разам возьмуць ды й дадуць прэмію на дваіх: вядомай беларусафобцы і вядомаму фінансаваму круцелю. Раім тав. Алексіевіч быць пільнай. Карэйка Аляксандр Іванавіч можа такі фінт выкруціць, што ёй ня хопіць грошай на зваротны шлях са Стакгольма.

Сяргей Камароўскі