Гэта можна назваць “сьвецкай хронікай”, але “белрэд” Радыё Свабода паспрабавала падпусьціць у паведамленьні крыху тэарэтызатарства і гісторыі пытаньня (ня робячы, аднак, ніякіх з гэтага высноваў).
Сюжэт першы: “фотасэсія” непараўнальнай “кандыдаткі ў прэзыдэнцкія кандыдаткі” В. Карач. Яна, аказваецца, “правяла чарговую фотасэсію” на гендэрную тэму. Яна і “сьвецкая львіца”, і “авіятарка” і яшчэ нешта. Рэдакцыя патурбавала “экспэрта ў паліткамунікацыі” Т. Чуліцкую, і тая дала свой вэрдыкт: “Гэты вобраз выклікае хутчэй скандал, чым абмеркаваньне ўзьнятай тэмы…” Экспэртка ня выказалася пра “самае скандальнае” – самапараўнаньне правінцыйнай “львіцы” зь беларускай сьвятой.
Мы паглядзелі на ўсё гэта і паспачувалі ўсім. Стылёвая расперазанасьць, посткамсамольская багемнасьць на ўзроўні кіча ў спалучэньні з выразнай інтэлектуальнай недалёкасьцю і адсутнасьцю комплексаў – гэта сур’ёзны дыягназ. Тут ужо не паліткамунікатарам трэба разьбірацца, а іншым спэцыялістам. Яно можа і нячога для палітцырка або студэнцкага капусьніка. Але трэба ўспомніць, як “дэмСМІ” РБ ажно са скуры вылузваліся, даючы эфіры і старонкі для выступаў гэтай фотагераіні, якая фармулявала ацэнкі і прагнозы на палітычныя і экзістэнцыйныя тэмы зь імпэтам гімназічнай актывісткі. В. Карач зьяўлялася то ў Празе, то ў Вільні, то ў Брусэлі, а “дэмжурналісты” беглі сьледам за ёй і зьбіралі ў кошык яе сэнтэнцыі. Потым была арганізаваная нават вадэвільная драма зь нейкай аблогай яе кватэры і “пагрозай” яе сям’і з боку ворганаў “бесчалавечнага рэжыму”. Усё гэта глядзелася як бразільскі сэрыял, але “на поўным сур’ёзе”.
Сюжэт другі: ня менш непараўнальны В. Дзіянаў. Тут “белрэд” РС спадобілася на кароткую, але ёмістую рэтраспэкцыю гэтай “палітфігуры”:
“Вячаслаў Дзіянаў — палітычны эмігрант. У 2008-м быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Алеся Міхалевіча. На прэзыдэнцкіх выбарах падтрымаў Яраслава Раманчука, пасьля Плошчы ўцёк з краіны. Улетку 2011 быў адным з арганізатараў «Маўклівых акцый пратэсту». У тым жа годзе быў адлічаны за прагулы з праграмы Каліноўскага. Цяпер — старшыня фонду «Інтэграцыйны мост» у Польшчы”. (Канец цытаваньня).
І вось – сэнсацыя! Паведамляецца, што Дзіянаў бярэ расейскае грамадзянства і нават абяцае, што будзе “надалей цікавіцца беларускай палітыкай”. Яно б можна было пасьмяяцца з сюжэту. Але ўспамінаецца, як з ініцыятывы гэтага попіка-гапончыка ў 2011 годзе ў Менску і іншых населеных пунктах у 2011 годзе былі арганізаваныя тупыя па сутнасьці, палітычна і інтэлектуальна імпатэнцкія “маўклівыя пратэсты”. Гэта калі беларусы ішлі (без лёзунгаў, без сэнсу, без нацыянальнай сымволікі) па вуліцах, тупалі нагамі, пляскалі ў ладкі, а на іх нападалі рэжымныя гарылы, білі, зьневажалі, арыштоўвалі і вязьнілі. Скончылася ўсё запланаванай паразай і прыкрым пшыкам. І вось гэты Пампушкін цяпер “палітэмігрант” на Захадзе і адначасова “гражданин России”. Ведаеце, нават Ільфу зь Пятровым цяжка было б закруціць такую сюжэтную інтрыгу. Вядома, што якраз жыцьцё ёсьць самым вынаходлівым літаратарам.
Мы абяцалі высновы. Калі ласка. Згаданыя ў цытаце А. Міхалевіч і Я. Раманчук – такія ж, як іхны падтрымшчык Дзіянаў. Толькі іх працягваюць час ад часу дэманстраваць у “дэмСМІ” як нешта сапраўдна апазыцыйнае рэжыму і нацыянальна сьведамае. А на самой справе гэта адна кампашка, адна трупа лёгкага жанру, але зь цяжкімі наступствамі для многіх тысячаў даверлівых людзей. Наіўна даверлівых яшчэ й таму, што яны давяраюць згаданым “дэмСМІ” (“ну як жа, ён (яна) на Свабодзе выступаюць!”). Вось і не вылазяць з эфіраў Карэйка А.І, фота-мадам Грыцацуева ды іншыя фальшывыя пэрсанажы. Нам прапануецца захапляцца гэтым пагарэлым вадэвілям падстаўной псэўдаапазыцыі. Прапануецца сістэматычна і навязьліва. Не дапускаючы ў той жа час сапраўдных нацыянальных дзеячаў і патрыётаў, мысьляроў і змагароў. І, дарэчы, робіцца гэта за тлустыя ганарары і жыцьцёвы камфорт “дэмхлусоў”.
Сяргей Камароўскі