Непадзельны валадар Кубы на працягу 55 гадоў жыве ў раскошы, аточаны жалезным колам аховы. Ён мае прыватныя выспу, флёт, некалькі дзясяткаў рэзыдэнцый, шпіталь і дэльфінарый.
Інфармацыі пра Фідэля Кастра часам пранікалі ў публічную інфармацыйную прастору, калі з выспы ўцякалі ягоныя супрацоўнікі. Але сьведчаньне Хуана Рэйнальда Санчэса “Сакрэтнае жыцьцё Фідэля Кастра” – выключнае. Аўтар 17 гадоў належаў да надзейных ахоўнікаў дыктатара.
Я правёў зь ім значна больш часу, чым з уласнай сям’ёй, — кажа Санчэс журналістам ВВС. – Гэта была нялёгкая праца, бо Кастра жыве з пачуцьцем пагрозы. Ягоная асабістая служба бясьпекі адна зь найлепшых у сьвеце, яна складаецца зь некалькіх колаў аховы.
Кніга была напісана разам з журналістам французкага “L’Express” Аксэлям Гільдэнам і дэманструе Фідэля як тырана, што купаецца ў раскошы і трактуе краіну як сваю ўласнасьць; бліжэйшых сямейнікаў як прыслугу, а кубінцаў як рабоў. Нямногія людзі ў сьвеце маюць прыватныя флёт, выспу, шпіталь і рэстаран на вадзе, паляўнічыя тэрыторыі, дэльфінарый, некалькі дзесяткаў люксусных рэзыдэнцый і сотні людзей, якія ўвесь час ахоўваюць валадараньні. – распавядае Санчэс. Уся гэтая раскоша ахутана таямніцай.
Ахова адганяе баракуд
Санчэс скончыў элітную вышэйшую акадэмію контрвыведкі МУС імя Элісеа Рэеса Радрыгеса і даслужыўся да званьня палкоўніка. На працягу некалькіх гадоў ён ні на крок не адступаў ад дыктатара. Ён павінен быў здымаць пробу зь вінаў і ежы перад тым, як Кастра іх спажываў, а таксама распакоўваць падарункі і пасылкі, бо апасаліся атруты і тэрактаў. Калі Кастра займаўся паляваньнем з падводным ружжом, ахоўнікі круціліся вакол яго, адганяючы акул і баракуд.
Пры дыктатары ўвесь час знаходзіцца мінімальна дзесяць ахоўнікаў, пры чым двое зь іх маюць ягоную групу крыві (на выпадак неабходнасьці пераліваньня). На сушы ён езьдзіць калёнай браніраваных мэрсэдэсаў, заўсёды з зараджаным пісталетам.
Кубінскі рэжым з пыхай сьцьвярджае, што сарваў больш за 600 пакушэньняў на жыцьцё Кастра, запланаваных ЦРУ і іншымі сакрэтнымі службамі і эмігрантамі. На думку Санчэса, гэтыя падлікі перабольшаныя. “Пагрозу” накручвае сама бясьпека, імкнучыся захаваць уладу і прывілеі. – Але лічба ад 100 да 200 пакушэньняў ёсьць верагоднай. – кажа ён.
Кастра загадвае запісваць на відэа усе свае афіцыйныя і прыватныя размовы, нават з людзьмі, што карыстаюцца выключным даверам, а ахоўнікам загадвае рабіць нататкі.
Мільянэр без маёмасьці
За заслонай хаваецца сатрап, які мае ўсё, чаго душа прагне. Ён асабіста кіруе гіганцкай маёмасьцю, нерухомасьцю і рахункамі ў валюце на дзесяткі мільёнаў даляраў, хаця на ягонае імя нічога не запісана. Калі Куба паслала войскі на грамадзянскую вайну ў Анголу, Кастра атрымліваў ангольскія брыльянты ў скрынках з-пад цыгар “каіба”. Ён загадваў прадаваць іх надзейнаму агенту, а грошы пераводзіць на замежныя рахункі.
Калі ў 2006 г. месячнік “Forbes” уключыў яго ў сьпіс дзесяці найбагацейшых людзей сьвету, рэжым заявіў, што ён жыве сьціпла і зарабляе 36 даляраў у месяц. Хуан Санчэс пацьвярджае, што нішто не павінна фармальна быць ягонай прыватнай уласнасьцю, бо яно зьяўляецца дзяржаўнай уласнасьцю, а ёю Кастра распараджаецца, як хоча.
У адкрытым моры непадалёк ад Затокі Свіньняў ён мае прыватную выспу Каё П’едра, дзе праводзіць месяц у год. Туды яго перапраўляе адна зь пяці раскошных яхт. Перад выбранымі гасьцямі і сям’ёй ён не хавае свайго захапленьня раскошай. На фараонскіх вакацыях і банкетах ён прымаў сярод іншых мэдыйнага магната з ЗША Тэда Цёрнэра, нядаўна памерлага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Габрыэля Гарсія Маркэса і былога кіраўніка ГДР Эрыха Хонэкэра.
Каханкі і какаін
На публіцы Фідэль Кастра іскрыцца гумарам, падкупляе суразмоўцаў сьціпласьцю і сардэчнасьцю. У прыватным жыцьці ён сухі, халодны, уладарны.
Я ніколі ня бачыў, каб ён цалаваў сваіх дзяцей. А абедзьвюх жонак ён трактаваў як прыслугу або асыстэнтак. – распавядае ахоўнік. – Вось каханкі – зусім іншая справа. Іх ён запясьпечваў раскошнымі рэзыдэнцыямі і засыпаў кветкамі. Ён мае мінімальна дзевяцёра дзяцей зь некалькімі жанчынамі.
Ахоўнік адвярнуўся ад шэфа, за якога гатовы быў аддаць жыцьцё, у 1989 г., калі пачуў, як той тлумачыць супрацоўнікам, што трэба ачысьціць сябе і ягонага брата Рауля ад абвінавачваньняў у кантрабандзе наркотыкаў у ЗША. Тады шлях кантрабанды наркотыкаў праз Кубу выкрылі амэрыканцы. Кастра імгненна кінуў у турму самых блізкіх супрацоўнікаў генэрала Арнальда Ачоа і палкоўніка Тоні дэ ла Гуардзія. Іх асудзілі і пакаралі сьмерцю як здраднікаў. – З тае пары ён перастаў быць маім кумірам. – распавядае Санчэс.
Калі ў 1994 г. брат Санчэса ўцёк у ЗША, дыктатар згубіў давер да ахоўніка. Санчэс хацеў выйсьці на пэнсію, але яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і пасадзілі на два гады ў турму. Потым яго пільнавала бясьпека. У 2008 г. яму ўдалося ўцячы на Фларыду, ён пасяліўся на Маямі.
27.06.2014 Мацей Стасіньскі (“Gazeta Wyborcza”)
Пераклаў з польскай В. Буйвал. http://wyborcza.pl/1,75477,16225470,Fidel_Castro___sultan_z_Karaibow__Kulisy_zycia_dyktatora.html