Агляд замежнага друку

3 ліпеня 2014 г.

Навіны

(30.06. – 01.07.2014)

Маскалізатарскі працэс блюзьнерства

1 ліпеня 2014 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла, што Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў закон, прыняты ў 2011 г. у Францыі. Паводле гэтага закону, на тэрыторыі краіны жанчынам забаронена закрываць свой твар мусульманскай буркай у публічных месцах.

Наш камэнтар: Хрысьціянскія краіны бароняцца ад экзатызацыі чалавечага жыцьця на сваёй тэрыторыі, імкнуцца захаваць эўрапейскія стандарты культуры. У сувязі з гэтым ёсьць цікавыя назіраньні беларусаў. Раней спэцслужбы рэжыму засьвечвалі ў публічных месцах групкі “крышнаітаў”, якія пацешна скакалі і сьпявалі пасярод нашых гарадоў. Гадоў дзесяць, як канторскія “крышнаіты” зьніклі. Але зьявілася новая плынь, яшчэ больш дэманстрацыйная і навязьлівая. Асабліва выразна яна праяўляецца ў грэка-каталіцкіх рэлігійных асяродках. Зразумела, што антынацыянальны рэжым адчувае пагрозу сваёй праграме ліквідацыі Беларусі з боку Уніяцкай Царквы, якая існуе ў беларускай мове. Раптам сярод вернікаў пачалі зьяўляцца групкі асобак “экзатычнай арыентацыі”. Гэта 3-4 экзэмпляры маладых і ня надта маладых дзяўчат і жанчын, якія калектыўна ўносяць дысананс у асяродак беларусаў. Яны пранізьліва галёкаюць, робяць рэзкія жэсты, размаўляюць, крычаць і сьпяваюць падкрэсьлена па-расейску, дэманструюць цынізм і расперазанасьць нават у храмах і ў пілігрымках. Пры гэтым свае галовы яны абкручваюць нечым падобным на мусульманскі хіджаб. На пілігрымках за мяжой людзі пытаюцца: “А хто гэта такія?” Ім тлумачаць, што “гэтыя зь Беларусі”. Вось так арганізоўваецца маскалізатарскі працэс блюзьнерства і зьнеслаўленьня нашай культуры і нашага імя. Працэс, безумоўна, кіруемы ворагамі Беларусі.

Юрка Марозаў


Нічога ня ведаюць

30 чэрвеня 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” напісала: “Эўропа павінна дасягнуць большай незалежнасьці ад паставак газу з Расеі. Але якім чынам гэта зрабіць менавіта цяпер, ніхто ў Эўразьвязе ня мае яснага адказу”.

Наш камэнтар: Дацкія журналісты дэманструюць адэкватнасьць ацэнак у апошні пэрыяд, на тэму ўкраінскай вайны супраць расейскай інвазіі. І роля Эўразьвязу (пажыральніка каласальных грашовых сродкаў на самаўтрыманьне) таксама выклікае пытаньні ў людзей, здольных на думаньне. Можа датчане ўспомнілі, як у мінулым самы ня раз вялі няроўны бой за незалежнасьць ад магутнай Нямеччыны? (Хаця – сумніўна.)

Алесь Хадасевіч


Правільна робяць

30 чэрвеня 2014 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала з Ізраіля. Надоечы былі знойдзены трупы трох маладых ізраільцянаў, якія зьніклі і якіх доўга шукалі. Іх захапілі і забілі палестынскія тэрарысты. У сувязі з гэтым ізраільская авіяцыя другі дзень запар зьдзяйсьняе налёты на асяродкі тэрарыстаў у сэктары Газа.

Наш камэнтар: Армія бароніць народ і дзяржаву ад бандытаў, якія падступна нападаюць на мірных людзей і забіваюць іх. Вызваленая ад акупацыі Беларуская дзяржава таксама нікому ня дасьць пакрыўдзіць сваіх грамадзян.

Юрка Марозаў


Выглядаюць гнюсна

30 чэрвеня 2014 г. іспанская газэта “El Pais” напісала, што ў французкі порт Сэн-Назар прыбылі 400 расейскіх ваенных маракоў. Іх будуць вучыць абслугоўваць сучасныя караблі, якія Францыя прадае Расеі.

Наш камэнтар: На фоне маскоўскай агрэсіі супраць Украіны гэтыя паводзіны афіцыйнага Парыжа выглядаюць гнюсна. Усім зразумела, што ў Масквы ёсьць два самых адданых хаўрусьнікі ў Эўропе – Бэрлін і Парыж. Але можна ўспомніць таксама, як французы цацкаліся і супрацоўнічалі з дыктатарамі ў мінулым і да якіх катастроф даводзілі ў выніку сваю краіну. Напрыклад, у 1940 годзе. (Але наўрад ці яны помняць.)

Алесь Хадасевіч


У рускіх фашыстаў зьнікае весялосьць

1 ліпеня 2014 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра выступ Пуціна перад расейскімі дыпляматамі ў Маскве. Ён казаў пра аднаўленьне ваенных дзеяньняў ва Украіне і сказаў, што прэзыдэнт Украіны Парашэнка ўзяў на сябе палітычную адказнасьць за падзеі.

Наш камэнтар: Казаць крамлёўскі гаспадар можа што хоча. Усе заўважылі, што ў яго вельмі невясёлы выраз твару. У публіцы ў залі таксама такі выраз. Праваліўся праект “усенароднага паўстаньня данбасцаў і іншых супраць Украіны”. Прэзыдэнт Парашэнка ўзяў на сябе палітычную адказнасьць за дзеяньні арміі і народ яго падтрымаў.

Алесь Хадасевіч


Японцы непакояцца

1 ліпеня 2014 г. партугальская газэта “Jornal de Noticias” паведаміў пра прыняцьце папраўкі ў Канстытуцыю Японіі. Цяпер заканадаўча дазваляецца выкарыстоўваць японскія ўзброеныя сілы для абароны ад нападу на хаўрусьнікаў Японіі. Пасьля 1945 г. законам была строга лімітаваная роля арміі ў дзяржаве.

Наш камэнтар: Успомнім, што ў апошнія гады японскія палітыкі і грамадзтва краіны ня раз выказвалі трывогу з прычыны мілітарызацыі Расеі. Вядома, што Масква ўмее выкарыстоўваць у сваёй агрэсіўнай палітыцы сваіх кліентаў (напрыклад, Паўночную Карэю). Японцы адмаўляюцца ад даўніх стэрэатыпаў і мацуюць абарону сваёй дзяржавы і цывілізацыі перад маскоўскай пагрозай.

Алесь Хадасевіч