На наступны дзень пасьля 22 чэрвеня (“день вероломного нападения на СССР”) у Менску мабілізавалі настаўніц і школьнікаў хадзіць па кватэрах. Яны стукаліся ў дзьверы паводле сьпісаў асобаў пажылога ўзросту. Вэтэранаў “ВОВ” практычна не засталося, то віншавалі ўсіх, хто нарадзіўся да вайны. Калі ня ўсіх дык многіх, асабліва інвалідаў. Дзеці давалі пажылым або іхнім сем’ям па тры чырвоныя гвазьдзікі і стылізаваны “фронтовой треугольнік”. Кветкі былі больш менш адэкватным элемэнтам праграмы. Хаця ўзьнікае пытаньне і нават два пытаньні. Па-першае, з чым гэта віншаваць – з гадавінай пачатку вайны 1941 года? Па-другое, для беларусаў вайна пачалася 1 верасьня 1939 года атакай нямецкай арміі на Польшчу (80 тысячаў беларускіх афіцэраў і жаўнераў у Войску Польскім з першага дня ваявалі супраць немцаў, гарады Заходняй Беларусі бамбавала нямецкая авіяцыя).
Але самым недарэчным у “віншаваньні” была стылізацыя пад ваенна-палявую пошту. Можа хто ня ведае пра згаданыя “треугольнікі”. Франтавікі, паводле загаду, пасылалі ў тыл свае лісты не ў капэртах, а складвалі іх замкнёным трохкутнікам, які магла лёгка раскрыць і прачытаць ваенная цэнзура. У сем’ях, нераўнадушных да памяці, захоўваюцца такія рэліквіі. Гэтым разам стылізацыя была безгустоўнай і фальшывай. Адваротным адрасам была пазначана “Администрация президента РБ”, а сам “ліст” быў за подпісам А. Лукашэнкі. Зьмест віншаванкі быў звычайны: прытарны фальш і хлусьлівыя абяцанкі. Можа стомленыя жыцьцём людзі і забыліся, але мы памятаем, што такое згаданы адрасат. У лістападзе 1996 года ён даў інтэрв’ю адной нямецкай газэце і ад душы пахваліў Адольфа Гітлера, “который очень много хорошего сделал для немецкой націі”. Сучасныя немцы, аднак, “душэўнасьць” маналагіста не ацанілі і ў папяровым выданьні “Handelsblat” гэты пасаж аматара Гітлера не зьмясьцілі. Затое па рэспубліканскім радыё РБ прамова Лукашэнкі была пададзена цалкам. Людзі яе пачулі і зрабілі радыёзапіс. Так што не адкруцішся.
Вядома, што іншым разам на сустрэчы з вэтэранамі згаданы маналагіст (1954 г. нар.) заявіў: “Да, товарішчі, мой отец тоже погіб на войне…”
Перавернуты сьвет існуе ў Беларусі ўжо 20 гадоў. Мільёны людзей стаміліся жыць стоячы на галаве, некаторыя, праўда, прызвычаяліся…
Сяргей Камароўскі