Расея заняла 95-е месца з 125 у рэйтынгу самых станоўчых краін сьвету – дзяржаваў, якія ўнесьлі найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё чалавецтва, паведамляе партал Good Country Index.
Лідэрамі рэйтынгу сталі Ірляндыя, Фінляндыя, Швайцарыя, Галяндыя і Новая Зэляндыя. Суседзямі Расеі сярод аўтсайдэраў пераліку апынуліся Рэспубліка Конга, што заняла 96-е месца, і Гандурас, што апярэдзіў Расейскую Фэдэрацыю ўсяго на адзін радок.
Як паведамляе адзін з аўтараў дасьледваньня Сайман Анхольт, для складаньня рэйтынгу выкарыстоўваліся дадзеныя ААН, Сусьветнага банку і іншых міжнародных арганізацый наконт таго, што робяць краіны для чалавецтва ў цэлым, незалежна ад таго, якія намаганьні кіраўніцтва адпаведных дзяржаваў прыкладае “у сябе ў хаце”.
Па словах Анхольта, мэта стварэньня рэйтынгу – распачаць глабальную дыскусію, як краіны разьмяркоўваюць адказнасьць перад сваімі грамадзянамі і перад усім сьветам. “Ці служаць яны толькі ў інтарэсах сваіх палітыкаў, прадпрыймальнікаў і грамадзян? Ці яны актыўна працуюць для ўсяго чалавецтва і планэты ў цэлым? Калі адказ на першае пытаньне станоўчы, то мы ўсе ў вялікай бядзе”, — кажа ён.
24.06.2014
Пераклад з расейскай.