ПРА НІКЧЭМНЫ АКТ ЗДРАДЫ І ЗЛАЧЫНСТВА

10 июня 2014 г.

Навіны

8 чэрвеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Вытокі рускага фашызму”. З дакладамі выступілі сп. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні Партыі і Фронту, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Сойму.

Выступоўцы закранулі тэму змагарнай Украіны, якая супрацьстаіць расейскай ваеншчыне. Якія б афіцыйныя трактоўкі не публікаваліся, украінскі народ цудоўна разумее, што Ўкраінская дзяржава знаходзіцца ў стане вайны з агрэсарам – імпэрскай Расеяй. Разумее гэта таксама палітычнае і вайсковае кіраўніцтва краіны. Мы назіраем бяспрыкладную кансалідацыю народных сілаў у суседняй краіне, дзе абсалютная бальшыня народу гатовая да канца, да перамогі змагацца супраць расейскага ўварваньня.

Месяц таму мы абмяркоўвалі паўнамаштабнае ўварваньне расейскай арміі ва Украіну як нешта непазьбежнае, але яно не адбылося. Працягваюцца лакальныя баявыя дзеяньні ў Данбасе. Масква дагэтуль не рашылася кінуцца ў адкрыты вялікі наступ. Прычынаў гэтаму некалькі. Галоўнае – гэта баявы дух і мабілізацыя ўкраінскай нацыі, якая не баіцца магутнага ворага і самаахвярнай барацьбы. Трэба ўлічваць таксама, што бліжэйшае атачэньне Пуціна пабойваецца за свае капіталы, якія знаходзяцца на Захадзе (які пагражае Маскве санкцыямі), і за сваіх нашчадкаў, якія вучацца ў заходніх унівэрсітэтах і жывуць у заходніх сталіцах. Але небясьпека паўнамаштабнай расейскай агрэсіі застаецца актуальнай. Гэта павінны разумець народы. Вельмі важна, што фактар часу іграе на карысьць украінцаў. У бліжэйшы час мы пабачым, наколькі рашуча будзе дзейнічаць новае дзяржаўнае кіраўніцтва Украіны.

На фоне ўкраінскай драмы асабліва недарэчна выглядае далейшае існаваньне марыянэткавага прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі. Заключэньне рэжымам каланіяльнай нелегітымнай дамовы пра “Эўразійскі эканамічны саюз” прадстаўляе сабой акт нацыянальнай здрады, сур’ёзнае дзяржаўнае злачынства. Беларускі народ павінен супраціўляцца гэтай практыцы ўсё больш глыбокага паняволеньня нашай краіны імпэрскай Масквой. Неабходна ўсімі сіламі не дапусьціць, каб беларускія вайскоўцы былі кінутыя ў крывавы вір вайны змагацца супраць Украіны, за інтарэсы варожай імпэрыі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што працягваецца разгром антыбеларускім рэжымам беларускага нацыянальнага прадпрымальніцтва. У бліжэйшы час гэты працэс актывізуецца ў сувязі з пастановамі лукашызма, і свае бізнэсы згубяць сотні і тысячы эканамічна актыўных беларусаў. Рэжым зачышчае тэрыторыю ад беларусаў для агрэсіўнай Масквы.

Працягваецца замбаваньне нашага насельніцтва тупой і хлусьлівай расейскай прапагандай. На жаль, трэба прызнаць, што вельмі многія людзі (трывожна, што сярод іх шмат маладых) зусім некрытычна ставяцца да маскоўскага замбаваньня і вераць гэтай гёбельсаўшчыне, яе бруднай антыўкраінскай міфалогіі. Таму ўсе патрыёты Беларусі павінны даваць суайчыньнікам праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нас і ў суседняй Украіне. Нельга дапусьціць, каб падступны вораг пакарыстаўся наіўнасьцю нашых людзей.

Сойм абмеркаваў і прыняў Заяву “Аб падпісаньні рэжымам пагадненьня аб “Эўразійскім эканамічным саюзе” (публікуецца).

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 8 чэрвеня 2014 г.