Заява
Як стала вядома са сродкаў масавай інфармацыі, 29 траўня 2014 г. у горадзе Астана А. Лукашэнка, які насуперак выбарам, непрызнаных міжнароднай супольнасьцю, 18–ты год займае пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ад імя Беларусі, разам з прэзыдэнтамі Казахстана і Расеі, падпісаў пагадненьне аб стварэньні “Эўразійскага эканамічнага саюзу”.
Зьмест падпісанага А. Лукашэнкам дакуманту беларускаму грамадзтву невядомы, мэтазгоднасьць падпісаньня падобнага дакуманту ў беларускім грамадзтве не абмяркоўвалася — думка беларусаў аб мэтазгоднасьці прыняцьця такога дакуманту ўлічана не была. Непразрыстаць вакол падпісанага дакуманту зразумелая — абсалютная бальшыня беларусаў жадае жыць у незалежнай Беларускай дзяржаве, вызначаць свой лёс самым, а не залежаць ад волі іншых дзяржаў, найперш Расеі, дзеяньні якой носяць відавочна імпэрскі, разбуральны характар і нясуць пагрозы ўсяму сьвету.
Практыка апошніх гадоў, калі эканоміка Беларусі прамаскоўскім рэжымам, па ўказаньні Масквы, штучна адсякалася ад супрацы з разьвітымі краінамі сьвету і ськіроўвалася ў бок тэхналягічна адсталай і дэградуючай эканомікі Расеі, паказала, што гэта тупіковы і сьмяротны шлях для беларускай нацыі і дзяржавы; як вынік – стратная, неэфэктыўная прамысловасьць і сельская гаспадарка. Яшчэ большая прывязка да краіны, якая ськіраваная на зьнешнюю агрэсію і вайну, абсалютна не адпавядае жыцьцёвым інтарэсам Беларусі і яе народа.
Мы заяўляем, што падпісаньне асобай, легітымнасьць якой пад сумненьнем, заведама нявыгаднага Беларусі, насуперак волі народа, пагадненьня зьяўляецца юрыдычна нікчэмным і ня маючым прававой сілы дакумантам. Мы заклікаем усіх службовых асобаў, якія надзелены фармальнымі паўнамоцтвамі, ўстрымацца ад увасабленьня ў жыцьцё (найперш ратыфікацыі) дадзенага пагадненьня, бо факт ягонага падпісаньня мае ўсе прыкметы крымінальнага злачынства.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі—БНФ 8 чэрвеня 2014 г. г. Менск